Справаздача пра правы чалавека ў Беларусі ў лістападзе: 206 выпадкаў палітычнага адміністрацыйнага перасьледу, працяг катаваньняў

Плякат з патрабаваньнем спыніць крымінальны перасьлед праваабарончага цэнтру «Вясна»

Праваабаронцы канстатуюць, што, нягледзячы на ўсе заклікі да ўладаў, колькасьць палітвязьняў расьце, а катаваньні прымяняюцца надалей.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» склаў справаздачу па становішчы правоў чалавека ў Беларусі ў лістападзе 2022 году.

Высновы справаздачы:

  • глыбокі крызіс правоў чалавека ў Беларусі ўдарыў па ўсіх сфэрах грамадзкага і палітычнага жыцьця; на працягу гэтага месяца ўлады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны і адміністрацыйны перасьлед грамадзян паводле палітычных матываў;
  • у месцах няволі згодна з прысудамі судоў на 30 лістапада знаходзіліся 1447 палітвязьняў, іх колькасьць расьце, за месяц праваабарончая супольнасьць прызнала такімі 139 чалавек;
  • у сьледчым ізалятары паводле новых адвольных абвінавачваньняў працягваюць утрымлівацца сябры ПЦ «Вясна»: старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ «Вясна», віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч. Каардынатарка Валянтэрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова і валянтэр Андрэй Чапюк, асуджаныя да 15 і 6 гадоў зьняволеньня адпаведна, чакаюць апэляцыйнага перагляду крымінальнай справы; сябра ПЦ «Вясна», кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка асуджаны да 3 гадоў і адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі;
  • працягваюцца адвольныя затрыманьні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у лістападзе 2022 года «Вясьне» стала вядома пра 206 выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага перасьледу. 31 чалавек быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці ў выглядзе штрафу, 95 — да адміністрацыйнага арышту;
  • па-ранейшаму фіксуюцца факты ўжываньня катаваньняў і забароненых відаў абыходжаньня падчас расьсьледаваньня палітычна матываваных крымінальных спраў;
  • працягваецца перасьлед грамадзян пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам;
  • сёлета 8 лістапада Генэральным сакратаром ААН зарэгістравана нота аб дэнансацыі Беларусьсю Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Апошнім днём падачы паведамленьняў пра парушэньні Пакту ў Камітэт па правах чалавека будзе 8 лютага 2023 году.

Падрабязнасьці справаздачы можна прачытаць на сайце «Вясны». Перасьледу зазнаюць і журналісты. На канец лістапада ў месцах зьняволеньня ўтрымліваюцца 32 журналісты і супрацоўнікі мэдыяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонка Алеся Бяляцкага сустрэлася з мужам і расказала пра яго рэакцыю на Нобэлеўскую прэмію міру
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Марыю спрабуюць зламаць любымі сродкамі». Натальля Хершэ пра тое, як катуюць за кратамі