«Лукашэнка непрымальны, ягоныя словы на Захадзе нічога ня вартыя», — Кавалеўскі

Лукашэнка аглядае тэхніку на вайсковым палігоне. Лістапад 2022

Валер Кавалеўскі ў інтэрвію Свабодзе патлумачыў, чаму Лукашэнка цалкам страціў сваю самастойнасьць у прыняцьці рашэньняў.

Намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі Валер Кавалеўскі ацэньвае вынікі канфэрэнцыі «Менскі форум», аналізуе, як Захад ставіцца да спробаў Менску «наладзіць кантакты», і адказвае на пытаньне, чаму ў заходніх сталіцах пакуль скептычна ставяцца да ідэі прызнаць Беларусь акупаванай краінай.

Сьцісла:

  • Словы рэжыму нічога не каштуюць. Чагосьці вартыя толькі справы. А справаў няма.
  • На сёньня Лукашэнка спрабуе прадаць тэзіс, што «Я ня ўводжу беларускія войскі ва Ўкраіну, і за гэта трэба мяне шанаваць».
  • Лукашэнка і Пуцін разумеюць, што ўвод беларукіх войскаў здольны прывесьці да выбуху ўнутры Беларусі, і Расея можа страціць адзінага саюзьніка.
  • Лукашэнка ўжо цалкам страціў сваю самастойнасьць у прыняцьці рашэньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі: «сьляпы кат» ці «пільны хірург»? Дыскусія былых дыпляматаў

— У Бэрліне прайшла традыцыйная канфэрэнцыя «Менскі форум». Гучыць гэта даволі парадаксальна, але адлюстроўвае цяперашнюю сытуацыю. Што было галоўнай тэмай на канфэрэнцыі, ці назіралася згода ў поглядах сярод нямецкіх і беларускіх удзельнікаў?

— Так, само правядзеньне гэтага форуму ў Бэрліне вельмі

. Гэта адлюстроўвае той стан грамадзянскай і экспэртнай супольнасьці Беларусі, калі вельмі многія яе прадстаўнікі вымушана апынуліся за межамі краіны. Атрымаўся «Менскі форум у выгнаньні». Такое важнае і прадстаўнічае мерапрыемства, якое аналізуе стан справаў у краіне, цяпер ня можа праводзіцца ў Беларусі.

Была вельмі вялікая прадстаўнічасьць нямецкага боку на форуме — дэпутаты, намесьнік міністра замежных справаў Нямеччыны Тобіяс Лінднэр.

Валер Кавалеўскі

Фактычна ніякіх істотных разыходжаньняў паміж беларускімі і нямецкімі ўдзельнікамі не было. Ёсьць разуменьне, што Лукашэнка непрымальны, нелегітымны, ніхто ня бачыць ніякіх пэрспэктываў нармалізацыі адносінаў зь ім. Больш за тое, сытуацыя ў Беларусі пагаршаецца — рэпрэсіі, уцягваньне Менску ў вайну Расеі супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перакананая, што ўкраінскі народ адолее гэтую імпэрскую пачвару». Ціханоўская выступіла на Кіеўскім форуме бясьпекі

— Вы кажаце, што ў немцаў ёсьць разуменьне, што Лукашэнка непрымальны. Аднак некаторыя гавораць, што могуць скласьціся абставіны, пры якіх зь менскім кіраўніком давядзецца весьці размову. Быў, напрыклад, званок Мэркель Лукашэнку падчас мігранцкага крызісу. Захад будзе адхіляць любыя спробы нелегітымнага Лукашэнкі выйсьці на дыялёг?

— Я думаю, тут будзе вельмі проста прынцып. Словы нічога не каштуюць. Чагосьці вартыя толькі справы. Менскі рэжым неаднаразова рабіў спробы намацаць глебу, наладзіць масты, але гэта былі толькі словы. Пры гэтым рэжым мог зрабіць шмат практычных справаў, якія яму нічога б не каштавалі фінансава і матэрыяльна. Я маю на ўвазе — спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітзьняволеных.

Але гэтых крокаў не рабілася. Гэта тыя справы, паводле якіх эўрапейцы і амэрыканцы ацэньваюць здольнасьць рэжыму да перамоваў і выкананьня дамоўленасьцяў. Таму Менск можа пісаць колькі заўгодна лістоў, прамацваць дыпляматычныя кантакты па нейкіх ценявых каналах — але калі гэта ня будзе падмацавана справай, то ніякіх пэрспэктываў ня будзе.

На сёньня Лукашэнка спрабуе прадаць тэзіс, што «Я ня ўводжу беларускія войскі ва Ўкраіну, і за гэта мяне трэба шанаваць». Але ты прадаеш тое, што табе не належыць. Лукашэнка ня мае аўтаномнасьці ў гэтым пытаньні: ён зробіць тое, што яму скажа Крэмль. А па-другое, менавіта беларускі народ і ягонае непрыняцьце вайны — гэта тое, што спыняе такое рашэньне. Лукашэнка і Пуцін разумеюць, што ўвод беларукіх войскаў здольны прывесьці да выбуху ўнутры Беларусі і Расея можа страціць адзінага саюзьніка. Таму гэты аргумэнт Лукашэнкі нікога не ўражвае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская на сустрэчы Рады міністраў АБСЭ заклікала павялічыць ціск на рэжым Лукашэнкі

— Ці абмяркоўвалі ў кулюарах форуму, каго прызначаць на месца Ўладзімера Макея, на пасаду міністра замежных справаў?

— Тэма сьмерці Макея, ягонага заўчаснага адыходу фігуравала, выклікала жвавы інтарэс. Гэта абмяркоўвалася як вельмі нечаканая падзея, паводзіны рэжыму выклікалі таксама шмат пытаньняў. Было зьдзіўленьне заходніх удзельнікаў, калі яны даведаліся, што ўжо арыштавалі людзей за камэнтары аб сьмерці Макея.

У многіх экспэртаў застаюцца сумневы, што гэта была натуральная сьмерць. Прыгадалі і Алега Краўчанку, які год таму памёр таксама даволі раптоўна.

Што тычыцца таго, хто мог бы замяніць Макея на пасадзе міністра, то тут магчымыя два варыянты. Ці гэта будзе больш-менш прафэсійны дыплямат, які ўмее весьці дыялёг, ня робіць памылак і ўмее камунікаваць. Ці гэта будзе «ланцуговы сабака», які будзе кідацца на ўсіх, «даваць адпор».

Але незалежна ад таго, хто прыйдзе, ён павінен будзе адпавядаць тром асноўным крытэрыям. Падтрымліваць рэпрэсіі, падтрымліваць вайну ва Ўкраіне, быць прыхільнікам «інтэграцыі», паглынаньня Беларусі Расеяй. У гэтым сэнсе ня варта чакаць прынцыповых зьменаў у замежнай палітыцы Беларусі, будзе толькі пераемнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўніца Пераходнага кабінэту заклікала бацькоў і настаўнікаў выступіць супраць мілітарызацыі выхаваньня і адукацыі ў Беларусі

— Назва канфэрэнцыі «Belarus and the War: How Firm is Russia’s Grip?» (Беларусь і вайна: Наколькі цьвёрдая расейская хватка?) Пазыцыя беларускіх дэмакратычных сілаў у тым, што трэба прызнаць Беларусь акупаванай краінай. Але мы бачым, што гэтая ідэя пакуль водгуку ў заходніх сталіцах не знаходзіць

— Так, рэакцыя на гэтую ідэю пакуль даволі стрыманая. Аднак, калі ацэньваць тое, што сёньня робіцца з боку Расеі ў дачыненьні да Беларусі, дык варта сказаць, што ўсё, што адбываецца ў Беларусі сёньня, адбываецца са згоды і ў каардынацыі з Расеяй. Мы гаворым пра галоўныя сэктары — дзяржаўнае кіраваньне, замежная палітыка, бясьпека, інфармацыйная бясьпека. Нават сацыяльная сфэра ўсё больш трапляе пад кантроль Расеі, адбываецца шалёная русыфікацыя ў адукацыі, ідэалягічна Беларусь актыўна прапіхваецца ў Расею.

Калі краіна — гэта яйка, то шкарлупіна — гэта нібыта незалежная дзяржава Беларусь, сымбалі, тэрыторыя, кіраўніцтва. Але ўнутры яйка — суцэльная Расея.

Але некаторыя з гэтых працэсаў Захаду яшчэ не відавочныя. Наша задача — расказваць пра гэта, даказваць, што Лукашэнка ўжо цалкам страціў сваю самастойнасьць у прыняцьці рашэньняў. Цяпер Беларусь — гэта поўная марыянэтка Расеі, цалкам падкантрольная тэрыторыя.

Я нагадаю такі важны факт. Калі ў верасьні старшыня Эўракамісіі Ўрзуля фон дэр Ляен выступала са зваротам, то яна сказала такую важную рэч. «Што тычыцца Пуціна, — сказала яна, — то нам варта было слухаць нашых сяброў з краінаў Балтыі, Польшчы і беларускай апазыцыі». І мы будзем рабіць гэту справу далей, каб чулі беларускі голас, глядзелі на сытуацыю праз прызму беларусаў і прыслухоўваліся да рэкамэндацыяў, якія мы даём.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Закладнікі завышаных чаканьняў». Вынікі ста дзён працы Кабінэту Ціханоўскай