Шлях у Мастаўляны
Шашэйка віхляла між імшарнікаў з хвойкамі, вольхаў у трысьнягох, балацявінак з «чортавымі вачыма», аж пакуль ня ўперлася ў шыльду з надпісам «Mostowlany». Зьлева за пераараным полем віднеўся абляцелы лясок. Там, за вузенькаю стужкай Сьвіслачы (заходняе), ужо Беларусь. Але мабільны апэратар не прымае пад увагу нейкія 500 мэтраў і дасылае ўсім нам ветлівае «Welcome to Belarus!». Абазнаны спадарожнік папярэджвае, што трэба выключыць інтэрнэт, іначай польскі апэратар пасьля такога запрашэньня свайго беларускага калегі сьпіша з вашага рахунку кругленькую суму за роўмінг. Адзін з нас не паверыў у гэтую недарэчнасьць і праз пару гадзінаў моцна пашкадаваў аб марна страчаных трох сотнях залатовак.
Пры шыльдзе мы спыніліся і пайшлі на бераг памежнае рэчкі з назваю, якая абудзіла ў нашых менчукоўскіх душах настальгію па родных даляглядах іншае Сьвіслачы (усходняе). Наперадзе абазначыліся некалькі вялікіх намётаў колеру хакі, з прытульным пахам дрывянога дымку, які мірна ўзьвіваўся ў нявосеньскі блакіт. У наступную хвіліну нам насустрач выйшлі трое дужых хлапцоў у камуфляжы і з аўтаматамі за плячыма. Мы сталі чакаць іх і толькі тады ўбачылі шыльду з папярэджаньнем, што за 50 мэтраў да мяжы праход забаронены.
Раней можна было набліжацца да самага берагу Сьвіслачы, але справакаваны ўладамі Беларусі памежны крызіс з эмігрантамі ня даў нам і іншым, гвалтоўна пазбаўленым радзімых краявідаў, магчымасьці падзівіцца на іх хаця б з-за рэчкі.
Кутны камень
Праехаўшы пару сотняў мэтраў па вёсцы, справа на ўзгорку з могілкамі бачым вялікі праваслаўны храм. А перад ім амаль непрыкметна прытуліўся сьціплы помнік самаму славутаму ўраджэнцу гэтых мясьцінаў. Невысокая стэла з надпісам, скрыжаваныя косы — легендарная зброя паўстанцаў, кола сялянскага воза. Помнік паўстаў у 1988-м, да 150-годзьдзя правадыра няскораных.
Чакалася, што ад гэтае памяткі будзе нейкі паказьнік дарогі да хаты нацыянальнага героя. Чаканьні ня спраўдзіліся. За пагоркам з царквою паваротка, гравейка, справа хмызы, наперадзе поле, а зьлева на стромым адхоне брэша лядашчы сабачка. Наш кіроўца паддае газку і рэзка ўяжджае па гліністых калдобінах на занядбанае котлішча.
Вачам адкрываецца пачарнелы плот перад касабокаю хаткаю. З-за яе вугла вызірае на нас дзядзька няпэўнага веку. Дае нам «Дзень добры!» Мы адрэкамэндаваліся, назвалі прычыну свайго візыту. Ён, сьпехам прамовіўшы: «Прошэ-прошэ!», жвавенька крутнуўся і павёў нас па ўтравелым падворку за хату. «Тут, прошэ паньства!». І адступіў колькі крокаў назад, далікатна пакінуўшы нас сам-насам.
Мы моўчкі сталі разглядацца. Выразны прастакутны ўзгорак, зацягнуты зёлкавай коўдрай, з-пад якое высунуўся круглявы бок шэрага валуна. Па ўсім відаць — кутнага. Над ім навісалі зашэрхлыя галіны з падгнілымі грушкамі. Пасярэдзіне ўзгорку стаяла, скінуўшы пад ногі лістоту і плады, аголеная яблынька. Прастакутнік падмурку сваёй яўна большай часткай хаваўся пад зруб нягеглае хаткі. Новым гаспадарам стары падмурак, відаць, быў занадта вялікі, і гэта ўратавала для нас сакральныя камяні.
Ачомаўшыся ад першых уражаньняў, мы пачалі прыкідваць, дзе, што і як было між сьценаў на гэтым падмурку амаль два стагодзьдзі таму.
«Тут, бадай што, была сьвятліца», — выказвае здагадку адзін з нас. Цудоўны від з узгорку на поплаў, рэчку і лес за ёй. Уяўляю, як любаваўся малы Кастусь на пералівы ранішніх сонечных промняў над квяцістым абшарам маёнтку. Думаю, што памятаў гэтую прыгажосьць праз усё сваё жыцьцё.
«Ну а калыска ягоная дзе стаяла, як думаеш?»
Сябра па-бацькоўску разважае, што, пэўна, дзеці мясьціліся ў самым цёплым паўдзённым пакоі. Хоць сям’я і была адносна заможнай, але не такой, каб кожнаму зь дзяцей быў асобны пакой. Малы Кастусь, відаць, гадаваўся побач са старэйшым Віктарам.
Пяцігадовым ён раптоўна перастаў быць малым, калі ў чарговых родах памерла маці. Праз шэсьць гадоў бацька прадае сядзібны дом з ткацкай мануфактурай у Мастаўлянах і купляе маёнтак на іншым беразе Сьвіслачы, у Якушоўцы. Палітычныя гульні моцных гэтага сьвету зрабілі амаль недасяжнымі сёньня гэтыя два геаграфічна зусім блізкія месцы нараджэньня і сталеньня Кастуся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мой каханы — экстрэмістХто змайструе калыску Кастусю
Моўчкі перажыўшы эмоцыі ад сустрэчы з таямніцай, празь якую гадзіну дарогі назад мы пачалі нетаропка выказваць ідэі, як аднавіць маёнтак Кастуся Каліноўскага.
Спачатку пералічылі магчымыя перашкоды ўвасабленьню задумы:
- месца былое сядзібы — прыватная ўласнасьць;
- яна ў памежнай зоне;
- ужо была спроба мясцовай грамады ўсталяваць пры чужой цяпер хатцы мэмарыяльны знак — спроба няўдалая;
- няма ніякіх сродкаў ні на тое, каб выкупіць падворак з усім дзядзькавым майном, ні тым больш на тое, каб аднавіць сядзібу;
- зусім ня бачна побач тых людзей, якія добраахвотна ўзвалілі б ня сябе ўвесь велізарны груз гэтых, расьцягнутых на доўгія гады, клопатаў…
А праз тыдзень-другі мы ўжо можам сказаць пра добрыя навіны:
- пакуль сёе-тое, на Падляшшы (ну і ў астатніх месцах шчыльнае канцэнтрацыі цяперашняй беларушчыны) скончылася восень, а зь ёю сьнег засыпаў і скрушныя развагі пра немагчымасьць;
- варта ўсё ж паспрабаваць, сказаў адзін з нас;
- магчыма, што ў нас нешта й атрымаецца, прамовіў другі;
- няма нічога немагчымага, калі нехта нечага вельмі моцна захоча, рашуча дадаў трэці…
А я ўжо ведаю, хто зробіць калыску для нашага Кастуся, які потым у свае 26 ускалыхнуў усіх нас да вызваленьня з няволі…
Зося Сухавей