Міліцыя ў Магілёве затрымала былога сілавіка. Яго брала група захопу ГУБАЗіКу ў поўнай амуніцыі, сілавікі выцягнулі мужчыну з машыны, паведаміла Nashaniva.com.
Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, нібыта «ў камэнтарах затрыманы былы сьледчы абражаў усю праваахоўную сыстэму і найвышэйшых службовых асобаў Беларусі, а таксама ўступіў у экстрэмісцкае фармаваньне», піша Zerkalo.io.
На відэа затрыманы заявіў, што з 2007 па 2012 год ён вучыўся ў Акадэміі МУС Беларусі, а з 2012 па 2015 год працаваў у Сьледчым камітэце Магілёва:
«У 2020 годзе ў сувязі зь нязгодай з вынікамі выбараў прэзыдэнта падпісаўся на шмат каналаў, якія пазьней былі прызнаны экстрэмісцкімі, дзе пакідаў камэнтары абразьлівага характару аб кіраўніцтве краіны, а таксама супрацоўніках праваахоўных органаў», — сказаў ён.
Палітвязьню прысудзілі 2,5 года калёніі за «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці»
У Магілёўскім абласным судзе асудзілі палітзьняволенага Віктара Дзіброва паводле ч. 1 арт. 361-4 («спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці») Крымінальнага кодэксу. Судзьдзя Ігар Зямцоў прызначыў Віктару 2 гады і 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».
Судовае пасяджэньне праходзіла ў закрытым рэжыме, таму падрабязнасьцяў справы няма. Пра Віктара вядома, што ён сірата.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 1 сьнежня: сацыёляга Аксану Шэлест і ўрбаніста Кірыла Мальцава арыштавалі на 15 і 13 сутак адпаведна7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «зьліў зьвестак» прызначылі былому сьледчаму Мікіту Старажэнку
У Менскім гарадзкім судзе агучылі прысуд 29-гадоваму палітзьняволенаму, былому сьледчаму Мікіту Старажэнку — сем гадоў калёніі узмоцненага рэжыму, паведамляе «Вясна». Судзьдзя — Анжэла Касьцюкевіч.
З словаў былога сукамэрніка палітвязьня, менавіта Старажэнка быў прызначаны ў 2020 годзе весьці справу супраць 16-гадовага пабітага сілавікамі хлопца (імаверна, ідзецца пра Цімура Міцкевіча) — тады Мікіта звольніўся са сьледчых органаў. З 2017 году ён працаваў сьледчым у Партызанскім раённым аддзеле.
Мікіту Старажэнку абвінавацілі ў «зьліве» кантактаў сілавікоў «пратэставым каналам» — праўдападобна, яго судзілі ў сумнавядомай «справе „Чорнай кнігі Беларусі“», удакладняюць праваабаронцы.
Былы сукамэрнік Старажэнкі ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна расказаў «Вясьне», што былога сьледчага даставілі туды моцна пабітым:
«Ён быў увесь сіні: ад канца хрыбта і амаль да пятак... Мікіта расказваў, што білі нагамі, дубінкамі, намотвалі анучу на галаву, надзявалі вядро для сьмецьця на галаву і білі па вядры, каб сьлядоў пабіцьця не заставалася».
Нядаўна стала вядома, што зьвесткі ад 8,5 да 10 тысяч чалавек, якія накіравалі інфармацыю ў «Чорную кнігу Беларусі» зь 1 верасьня 2020 па 23 траўня 2021 году, могуць трапіць у рукі сілавікоў.
У Слоніме затрымалі інжынэра-праграміста
Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, быў затрыманы інжынэр-праграміст Слонімскай камвольнай фабрыкі Аляксандр Лагута.
Паводле ГУБАЗіКу, 40-гадовы мужчына ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, а таксама даслаў у тэлеграм-канал «Чорная кніга Беларусі» зьвесткі слонімскіх сілавікоў.
Дзьвюх маладых мянчанак зьмясьцілі да суду пад варту за сарваны дзяржаўны сьцяг
Пракуратура Савецкага раёну Менску санкцыянавала меру стрыманьня ў выглядзе зьняволеньня дзьвюм затрыманых 22 лістапада дзяўчатам, якім інкрымінавалі зьдзек зь дзяржаўнай сымболікі (арт. 370 КК), паведамляе «Вясна».
Згодна з матэрыяламі справы, падазраваныя, якім 18 і 19 гадоў, сарвалі з фасаду інтэрнату КГУП «Менскі Камароўскі рынак» дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусі. Убачыўшы міліцыянтаў, падазраваныя кінулі палотнішча на зямлю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 1 сьнежня: сацыёляга Аксану Шэлест і ўрбаніста Кірыла Мальцава арыштавалі на 15 і 13 сутак адпаведнаУлады пачалі прызнаваць «экстрэмісцкімі» чаты дыяспараў
Суд Ленінскага раёну Горадні 30 лістапада прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» тэлеграм-чат «Беларусы Вроцлава ЧАТ». Падобна, гэта першы чат беларускай дыяспары, які ўлады прызналі «экстрэмісцкім», адзначаюць праваабаронцы.
Таксама ўлады знайшлі новае «экстрэмісцкае фармаваньне» — ім прызналі Telegram-канал і чат «Чижовка Семь Чижей». Адпаведнае рашэньне МУС прыняло 2 сьнежня.
У «сьпіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 58 чалавек. Цяпер у ім 2117 чалавек
2 сьнежня МУС чарговы раз абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».
У сьпіс, сярод іншых, трапілі служнік менскай царквы Хрысьціянаў веры эвангельскай «Гефсіманія» Максім Стасілевіч, 18-гадовы Максім Шатохін, TikTok-блогер Андрэй Бяляўскі, 19-гадовы палітвязень Ільля Верамееў, якога асудзілі на 6,5 года калёніі за заклікі дзейнічаць супраць вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За «дыскрэдытацыю Беларусі» былога журналіста БТ асудзілі на 4 гады калёніі, ягоную жонку — на 2,5 года ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятара Багамольнікава, які адпяваў Бандарэнку і галадаў з Лосікам, асудзілі сёмы раз запар ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас «хапуну» ў Мёрах затрымалі сама меней 13 чалавек, сярод іх «Чалавек году Віцебшчыны»