На мінулым тыдні Robert Lansing Institute апублікаваў інфармацыю пра плян Масквы фізычна зьнішчыць Лукашэнку і анэксаваць Беларусь. Мы задалі дадатковыя пытаньні аўтарам гэтага артыкулу. Яны лічаць, што сьмерць Уладзімера Макея можа быць «альтэрнатыўным плянам» Расеі і што былы старшыня АДКБ Станіслаў Зась можа стаць кіраўніком Беларусі на выбарах, дзе падлік галасоў будзе пад расейскім кантролем.
Robert Lansing Institute — амэрыканскі дасьледчы цэнтар, экспэртамі якога выступаюць, сярод іншага, былыя дыпляматы і супрацоўнікі спэцслужбаў.
— На наступны дзень пасьля таго, як быў апублікаваны ваш артыкул, раптоўна памёр міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей. На вашую думку, гэта проста супадзеньне ці гэта можа быць часткай пляну, які вы апісалі, з мэтай застрашыць Лукашэнку?
— Мы лічым, што гэтыя падзеі зьвязаныя. Макей ва ўрадзе быў адказным за перамовы з Захадам, быў чалавекам, які шукаў кампрамісу. Ён рабіў гэта, не інфармуючы Крэмль. Акрамя таго, Макея разглядалі як кандыдатуру на замену Лукашэнку. Мы не заўважалі, каб у яго былі нейкія сур’ёзныя праблемы са здароўем, хоць працоўная атмасфэра ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі не спрыяла добраму фізычнаму ці псыхічнаму стану.
Таму сьмерць Макея зь вялікай імавернасьцю можа быць зьвязаная са спробамі Расеі запалохаць Лукашэнку і абмежаваць ягоныя аўтаномныя намаганьні падтрымліваць уласныя кантакты з Захадам. Сьмерць набліжанай асобы — гэта вельмі сурʼёзнае пасланьне аўтарытарнаму лідэру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці рыхтуе Расея забойства Лукашэнкі? Камэнтуе вайскова-палітычны экспэрт— Ці вы разглядаеце Лукашэнку як фігуру, якая захоўвае нейкую ступень незалежнасьці, якая здольная супрацьстаяць расейскаму ціску і не паслаць беларускіх вайскоўцаў для непасрэднага ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне?
— Лукашэнка пакуль што пасьпяхова супраціўляўся спробам Крамля ўцягнуць яго ў вайну ва Ўкраіне і скарыстаць ягоныя войскі для наўпроставых баявых сутыкненьняў з украінцамі. Менавіта таму, так, мы лічым, што Лукашэнка ўсё яшчэ здольны супраціўляцца, нават калі тэрыторыя Беларусі выкарыстоўваецца для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.
Мы, аднак, ня можам гаварыць пра ягоную незалежнасьць. Важна мець на ўвазе тое, што КДБ Беларусі, міністар абароны і старшыня Савету бясьпекі знаходзяцца пад поўным кантролем ФСБ, гэтаксама як ахова Лукашэнкі і большая частка Міністэрства замежных справаў.
— Лукашэнка ўжо давёў сваю антызаходнюю пазыцыю, сваю здольнасьць захоўваць падтрымку сваіх службаў бясьпекі і кіраваць з выкарыстаньнем гвалту. Чаму Крэмль, паводле вашай вэрсіі, гатовы рызыкаваць, каб замяніць яго?
— Лукашэнка выкарыстоўвае антызаходнюю рыторыку, каб паказаць сваю адданасьць Расеі. Крэмль, аднак, разумее, што Лукашэнка не падзяляе крамлёўскую канцэпцыю, у якой Беларусь мае быць часткаю Расеі ці новага Савецкага Саюзу, кіраванага з Масквы. Такі сцэнар значыў бы канец Лукашэнкі як кіраўніка дзяржавы.
Пуцін разумее гэта, але ён ня хоча мець справу з такімі паводзінамі ў доўгатэрміновай пэрспэктыве. Чым менш хаўрусьнікаў мае Пуцін, чым менш стабільнымі робіцца ягоны рэжым і ягоныя геапалітычныя структуры, тым больш пільнай для яго робіцца патрэба пазбавіцца ад Лукашэнкі і анэксаваць суседнюю краіну. Ён разумее, што, адрозна ад Украіны, беларускі супраціў будзе мінімальным, і гэта можа стаць «перамогай», якую ён пакажа сваім выбарнікам і элітам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці сапраўды Крэмль рыхтуе адхіленьне Лукашэнкі ад улады?— У вашым артыкуле былы старшыня АДКБ Станіслаў Зась называецца асобай, якая мае замяніць Лукашэнку на пасадзе. Аднак цяпер Зась ня мае афіцыйных пасадаў у Беларусі. Якой магла б быць працэдура пераходу ўлады, паводле такога пляну?
— У артыкуле гаворыцца, што Зась — расейскі стаўленік. Калі сцэнар, які мы згадваем, уступіць у дзеяньне, ягоная пасада ня будзе мець значэньня. Яго папросту прызначаць, як гэта звычайна робіцца ў разьвіваных краінах пасьля вайсковага перавароту. Расея — гэта не краіна, якая трымаецца дэмакратычных працэдураў. Напрыклад, адбудуцца выбары, на якіх ён пераможа, бо падлік галасоў будзе пад кантролем.
— Ці можа плян, апісаны вашымі крыніцамі, быць часткаю дэзынфармацыйнай гульні? Іншымі словамі, магчыма, расейцы ня маюць пляну забіць Лукашэнку, але хочуць запалохаць яго, зрабіўшы гэтую пагрозу публічнай?
— Гэта магло б выглядаць як дэзынфармацыйная кампанія, cкіраваная на тое, каб запалохаць Лукашэнку, але мы апісалі менавіта такі сцэнар гэтым летам як адзіны магчымы, калі Пуцін сутыкнецца з усё большымі ваеннымі і геапалітычнымі праблемамі.
Мы верым нашым крыніцам у Маскве. У той жа час мы разумеем, што сытуацыя хутка мяняецца і што групы ўплыву, якія змагаюцца ў Крамлі, могуць паўплываць на выніковыя рашэньні. Такім чынам плян урэшце можа адрозьнівацца ад выніку. Таму мы ня можам выключаць, што сьмерць Макея была альтэрнатывай пачатковаму пляну.