Журналісту Свабоды і былому палітвязьню Алегу Грузьдзіловічу ўручылі літоўскую прэмію «Надзея свабоды»

Алег Грузьдзіловіч (у цэнтры) падчас уручэньня прэміі. Вільня, 1 сьнежня 2022

Узнагароду ўручаў старшыня камітэту эканомікі Сейму Літвы Казімірас Старкявічус.

Алегу Грузьдзіловічу прызначылі прэмію за адданасьць абавязку журналіста, паведамляе БАЖ.

Літоўская прэмія «Надзея свабоды» прызначаецца беларускім незалежным журналістам другі год запар. Летась яе атрымалі Кацярына Барысевіч, Алена Таўкачова, Тацьцяна Каравенкава, Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні адкрыўся Форум свабоднай журналістыкі з удзелам БАЖ

21 верасьня 63-гадовы Алег Грузьдзіловіч, якога асудзілі на 1,5 года зьняволеньня, выйшаў на волю з магілёўскай калёніі № 15. Грузьдзіловіч прабыў за кратамі амаль 9 месяцаў.

Алега Грузьдзіловіча вызвалілі праз працэдуру памілаваньня. Ён расказаў, што падпісаў прашэньне, але не прызнаў віны. Пасьля вызваленьня Алег разам з жонкай Мар’янай выехаў у Літву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты што, супраць прэзыдэнта пісаў?» Журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч пра вызваленьне з калёніі, жоўтыя біркі і ШЫЗА

Перасьлед Алега Грузьдзіловіча

  • 16 ліпеня 2021 году сілавікі прыйшлі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, які пазалетась быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.
  • Паўторна Алега Грузьдзіловіча затрымалі 23 сьнежня і замянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
  • 3 сакавіка 2022 году Грузьдзіловіча асудзілі на паўтара года пазбаўленьня волі нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў і ўдзел у іх летам і ўвосень 2020 году. Нібыта Алег спыніў грамадзкі транспарт 16 жніўня на плошчы Незалежнасьці, 11 кастрычніка — на вуліцы Кальварыйскай, і 18 кастрычніка — на Партызанскім праспэкце. «Менсктранс» выставіў Алегу Грузьдзіловічу тры грамадзянскія пазовы — агулам на суму 56 979 рублёў 68 капеек.

За кратамі цяпер застаюцца журналіст Радыё Свабода Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, і журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык, асуджаны на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачаньні ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША вітаюць вызваленьне некалькіх палітвязьняў у Беларусі