Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні адкрыўся Форум свабоднай журналістыкі з удзелам БАЖ


Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец на Форуме свабоднай журналістыкі, Вільня, 1 сьнежня 2022
Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец на Форуме свабоднай журналістыкі, Вільня, 1 сьнежня 2022

Форум адкрыўся 1 сьнежня ў сталіцы Літвы, падчас яго выступяць палітыкі, рэпартэры, праваабаронцы. Форум арганізаваны Беларускай асацыяцыяй журналістаў і Саюзам журналістаў Літвы.

Форум праводзіцца ў сьценах Сэйму. Як заявіў старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец, у цёмныя часы выжываць дазваляе салідарнасьць калег. Ён выказаў падзяку літоўскім журналістам, Саюзу журналістаў Літвы, ураду балтыйскай краіны і назваў форум адной з праяў салідарнасьці і магчымасьцю абмеркаваць надзённыя праблемы.

«У Беларусі журналістыка і мэдыя працягваюць сутыкацца з крымінальным перасьледам за рэпартэрскую дзейнасьць. Выпадкі перасьледу носяць сыстэматычны характар. Гэта непрымальна. Я і мае калегі працягваем адсочваць гэтую сытуацыю», — прызнала прадстаўніца АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ Тэрэза Рыбэйра.

Да ўдзельнікаў форуму зьвярнулася таксама лідэрка дэмакратычных сіл Сьвятлана Ціханоўская, якая падкрэсьліла, што незалежнай беларускай журналістыцы ніколі не было лёгка.

«У Беларусі рэжым заўсёды трымаў пад прыцэлам прынцыповых журналістаў. Аднак дваццаці васьмі гадоў яму не хапіла, каб зачысьціць і ўзяць пад кантроль інфармацыйнае поле. Праўда заўсёды знаходзіла свой шлях праз прапагандысцкую лявіну. Нягледзячы на рэпрэсіі і пастаянны ціск на СМІ».

Яна назвала імёны некаторых журналістаў, якія знаходзяцца ў зьняволеньні — Ягора Марціновіча, Марыны Золатавай, Кацярыны Андрэевай, Аляксандра Івуліна, Ігара Лосіка, Ксеніі Луцкіной.

Агулам на сёньня ў Беларусі ў няволі знаходзяцца 32 журналісты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG