Былога міністра лясной гаспадаркі Віталя Дрожжу будуць судзіць паводле арт. 430 КК (атрыманьне хабару).
Крымінальную справу пачнуць разглядаць 8 сьнежня ў Менскім гарадзкім судзе, як вынікае з раскладу паседжаньняў на сайце Вярхоўнага суду.
Дрожжу звольнілі з пасады «ў сувязі са зьдзяйсьненьнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаньнем на дзяржаўнай службе», паведаміла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі 5 траўня.
Раней у СМІ была інфармацыя аб ягоным арышце, але непацьверджаная.
На пасадзе міністра Дрожжа быў ад красавіка 2018 году. 20 чэрвеня экс-чыноўніку споўнілася 44 гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звольнілі міністра лясной гаспадаркі — «за правіну, не сумяшчальную зь дзяржслужбай»У 2020 годзе Дрожжа браў удзел у «чыстках» свайго міністэрства. За «пратэставыя настроі» ён звольніў сваю памочніцу Алесю Гаркушу.
Яшчэ раней, у 2019-м, Дрожжа назваў знос крыжоў у Курапатах «дэмантажом незаконна пастаўленых аб’ектаў», а таксама «чарговым этапам добраўпарадкаваньня».
У 2018 годзе, калі Лукашэнка прызначаў Дрожжу на пасаду, то загадваў яму «навесьці парадак у лесе, каб за хабар лесьнікі і лясьнічыя не сплаўлялі лес», які затым нібыта «за цэнты трапляе на Захад», а таксама аднаўляць высечаныя лясы. Аднак у 2021 годзе ў Беларусі высеклі шмат лесу на продаж, хоць чыноўнікі адмаўлялі, што яго высякаюць у вялікіх маштабах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша ніва»: Сілавікі затрымалі міністра лясной гаспадаркі Беларусі Віталя Дрожжу