Міністар замежных справаў Латвіі Эдгарс Рынкевічс заклікаў дазволіць Кіеву атакаваць цэлі ў глыбіні расейскай тэрыторыі. Краіны NATO пакуль устрымліваюцца ад паставак узбраеньняў дастатковага радыюсу дзеяньня, Украіна наносіць удары толькі па памежных раёнах Расеі і па цэлях у анэксаваных рэгіёнах.
«Мы павінны дазволіць украінцам выкарыстоўваць зброю для паражэньня ракетных пускавых установак або аэрадромаў», — заявіў Рынкевічс у кулюарах сустрэчы міністраў замежных справаў краін NATO ў Бухарэсьце. Паводле яго, чальцы альянсу не павінны баяцца эскаляцыі канфлікту. Міністра цытуе агенцтва Bloomberg.
Краіны NATO сярод іншых узбраеньняў пастаўляюць Украіне артылерыйскія ўстаноўкі і снарады для іх, ракетныя сыстэмы залпавага агню і супрацькарабельныя ракеты. Далёкасьць іх дзеяньня звычайна не перавышае 100–120 кілямэтраў. Аднак не было паставак тактычных ракет і ракетных комплексаў з радыюсам дзеяньня да 300 кілямэтраў, а таксама штурмавой і зьнішчальнай авіяцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар NATO на саміце альянсу ў Бухарэсьце: «Мы ня можам дазволіць Пуціну перамагчы»- Сусьветныя СМІ з спасылкай на крыніцы меркавалі, што Вашынгтон баіцца далейшай эскаляцыі вайны Расеі і Ўкраіны. З словаў Рынкевічса, некалькі іншых дзяржаваў NATO таксама лічаць, што Ўкраіна не павінна мець абмежаваньняў на выбар цэляў.
- У канцы лістапада агенцтва Reuters паведамляла, што Пэнтагон разглядае магчымасьць перадачы Украіне новых высокадакладных ракет GLSDB з далёкасьцю стральбы да 150 кілямэтраў. Украіна просіць у Вашынгтону ракеты MGM-140 ATACMS для комплексаў HIMARS з далёкасьцю 300 кілямэтраў.