Дакумэнт, апублікаваны на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале, прадугледжвае ў 2023 годзе павелічэньне падаткаў для фізычных асобаў, індывідуальных прадпрымальнікаў і суб’ектаў гаспадараньня.
У прыватнасьці, прапануецца павысіць зямельны падатак як для ўласьнікаў жыльля, так і для ўладальнікаў камэрцыйнай нерухомасьці. Рост у некаторых выпадках складзе больш за каля 20%.
Заплянавана павышэньне падатку на першую кватэру — больш за 10%.
Вырастуць стаўкі адзінага падатку для ІП і фізычных асобаў, якія працуюць без афармленьня ІП. Гэта закране многіх прадстаўнікоў сфэры паслуг і гандлю: прадаўцоў харчовых і нехарчовых тавараў, будаўнікоў, перакладнікаў, цырульнікаў, відэаапэратараў, рэпэтытараў, настройнікаў музычных інструмэнтаў і г.д.
Павелічэньне адзінага падатку будзе разьлічвацца адпаведна роду заняткаў і месцу жыхарства. Напрыклад, рэпэтытару ў Менску ў 2023 годзе давядзецца заплаціць 164 рублі замест цяперашніх 82, у абласных цэнтрах — 152 рублі замест 76. Для цырульнікаў заплянаваны рост з 226 рублёў да 339 у Менску і з 208 да 312 у абласных цэнтрах.
Таксама законапраект прадугледжвае павышэньне стаўкі падатку на прыбытак з 18 працэнтаў да 20 працэнтаў і падаходнага падатку для некаторых катэгорыяў фізычных асобаў.
Згодна з праектам закону, у 2023 годзе вырастуць стаўкі акцызаў на алькагольныя напоі і нікатынавыя вырабы. Напрыклад, для першай цэнавай групы цыгарэт цяпер акцыз складае 43,56 рубля за тысячу цыгарэт, для другой — 91,36 рубля. З 1 студзеня, у выпадку прыняцьця закону, сумы вырастуць адпаведна да 55,6 і 107,93 рубля, з далейшым павышэньнем у кожным квартале.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ІТ у Беларусі ня гіне, але павольна скарачаецца». Расказваем, што адбываецца ў галіне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Менскі рэжым зарабляе на вайне», — эканаміст Раманчук