«Рэжым у Беларусі нясе поўную адказнасьць за здароўе і дабрабыт Марыі Калесьнікавай і 1440 іншых палітзьняволеных. Вінаватыя будуць прыцягнуты да адказнасьці» — такую заяву зрабіў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Нэд Прайс.
Амэрыканская амбасада ў Менску паведаміла, што «ўважліва сочыць за паведамленьнямі аб раптоўнай шпіталізацыі беларускай палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай».
«Мы спадзяемся, што яна атрымае поўную і якасную мэдычную дапамогу і хутка паправіцца. ЗША па-ранейшаму адданыя прыцягненьню да адказнасьці службовых асобаў рэжыму, якія парушаюць правы чалавека», — заявіла дыпляматычная місія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволеная Марыя Калеснікава трапіла ў рэанімацыю. Яе праапэраваліАб шпіталізацыі 40-гадовай Калесьнікавай паведаміў увечары 29 лістапада штаб былога прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі. Сам Бабарыка цяпер таксама за кратамі.
«Марыя знаходзіцца ў лякарні хуткай дапамогі ў Гомлі, у рэанімацыйным аддзяленьні. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі адвакату ў лякарні. Брыгада хуткай даставіла Машу 28 лістапада, шпіталізавалі яе ў першае хірургічнае аддзяленьне і перавялі ў рэанімацыю», — гаварылася ў паведамленьні.
У сустрэчы з адвакатам Калесьнікавай адмовілі, заявіў штаб.
Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку
Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.
Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- змова з мэтай захопу ўлады;
- заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.
Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.