Як паведамляе тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі, Калесьнікава знаходзіцца ў шпіталі хуткай дапамогі ў Гомлі ў рэанімацыйным аддзяленьні. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі адвакату ў лякарні.
Тэлеграм-канал Бабарыкі паведаміў, што Марыю Калесьнікаву прывезьлі ў шпіталь з хірургічнай паталёгіяй і праапэравалі 28 лістапада. Цяпер яна ў стабільна цяжкім стане з паляпшэньнем і заўтра яе маюць перавесьці ў хірургічнае аддзяленьне.
Адваката Марыі 29 лістапада трэці раз запар не дапусьцілі да Калесьнікавай у калёніі, патлумачыўшы гэта тым, што няма заявы ад яе. Раней стала вядома аб тым, што Марыя ў штрафным ізалятары. Праўда, не было інфармацыі аб тым, калі і на які час яе туды зьмясьцілі. У адміністрацыі калёніі пра шпіталізацыю нічога не сказалі.
Абаронца Калесьнікавай Уладзімір Пыльчанка ў скаргах на адмову ў допуску да Марыі ў пракуратуру і Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў пісаў пра занепакоенасьць станам яе здароўя. Рэакцыі на скаргі і звароты не было.
- У верасьні 2020 году каардынатарку штабу Віктара Бабарыкі, удзельніцу Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікаву схапілі сілавікі і спрабавалі прымусова вывезьці ва Ўкраіну. На мяжы яна парвала свой пашпарт, вылезла праз вакно з аўтамабіля і вярнулася на тэрыторыю Беларусі, дзе яе адразу затрымалі. Калесьнікаву судзілі ў закрытым рэжыме разам зь юрыстам Максімам Знакам. Яе прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу і 6 верасьня 2021 году асудзілі на 11 гадоў калёніі.