Сярэдні заробак у Беларусі за кастрычнік сёлета склаў 1636,4 рубля, падлічвае Белстат (без уліку падаткаў. — РС). Найбольшы заробак у Менску — 2227 рублёў, найменшы ў Магілёўскай вобласьці — 1344,3 рубля.
Сярод розных галін найменшы заробак у адукацыі — 1105,7 рубля, а найбольшы ў галіне інфармацыі і сувязі — 4453,9 рубля. Глядзім, каму гатовыя плаціць такі заробак.
Інжынэр
У агульнанацыянальным банку вакансіяў і рэзюмэ 3632 вакансіі для інжынэраў. Напрыклад, інжынэру-праграмісту на «Гомельдрэве» гатовыя плаціць 1000 рублёў. Гэта толькі 66% ад сярэдняга заробку ў Беларусі і 67% ад сярэдняга заробку ў Гомельскай вобласьці.
Інжынэру-канструктару на заводзе «Белэнэргарэмналадка» прапануюць заробак у 1300-1700 рублёў, што ўжо крыху вышэй, чым сярэдні ў краіне, але гэта толькі 76% ад сярэдняга заробку ў Менску.
Заробак, значна вышэйшы за сярэдні, знаходзім толькі на Аршанскім авіярамонтным заводзе, галоўнаму інжынэру там гатовыя плаціць да 3000 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая крыўда Лукашэнкі. За што дыктатар ня любіць айцішнікаўСьлесар
Сьлесару мэханазборачных работ на «Клецкім мэхзаводзе» прапануюць 900 рублёў на месяц, гэта 55% сярэдняга заробку ў Беларусі.
Сьлесару-рамонтніку на Гомельскім тлушчавым камбінаце гатовыя плаціць 850 рублёў на месяц, гэта 51% сярэдняга заробку па Беларусі.
Сьлесару-рамонтніку ў Менску на прадпрыемстве «Алеся» абяцаюць 700 рублёў на месяц. Гэта 42%сярэдняга па Беларусі.
Заробак, вышэйшы за сярэдні, прапануюць, напрыклад, на тытунёвай фабрыцы «Нёман» — да 1727 рублёў.
Найвышэйшы заробак для сьлесара, які знаходзім, прапануюць на адным з прыватных прадпрыемстваў у Менску — да 3000 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «100 даляраў за адну паездку». Як беларусы цяпер зарабляюць на мяжыЛекар
Цяпер у Беларусі шукаюць 6302 лекараў. Напрыклад, у 4-й лякарні Горадні лекару прамянёвай дыягностыкі прапануюць 1100 рублёў на месяц, гэта 67% ад сярэдняга заробку.
Заробак каля тысячы рублёў для лекара — адзін з самых распаўсюджаных. З заробкам больш за 2000 толькі 263 вакансіі.
Да 2000 рублёў лекару гатовыя плаціць, напрыклад, у 30-й гарадзкой клінічнай паліклініцы Менску.
Настаўнік
Цяпер у агульным банку вакансіяў 349 месцаў для настаўнікаў. Самы распаўсюджаны заробак — 800 рублёў. Напрыклад, настаўніку ў Жодзіне столькі прапануюць на поўную стаўку. Гэта 48% ад сярэдняга заробку ў краіне, агучанага Белстатам.
Вакансіяў з заробкам, вышэйшым за сярэдні, для настаўнікаў толькі тры. Найвышэйшы, за 3000 рублёў, прапануюць толькі ў прыватнай установе.
Колькі вакансіяў зь сярэднім заробкам
Агулам у дзяржаўным банку вакансіяў 100731 вакансія. Зь сярэднім заробкам ці вышэйшым за сярэдні зь іх толькі 7049, ці 7%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пастаўкі на Захад абрынуліся ў 242 разы. Як беларуская дрэваапрацоўка працуе пад санкцыямі