Стала вядома, дзе пахаваюць памерлага міністра замежных спраў Беларусі.
Уладзімера Макея пахаваюць на Ўсходніх могілках у Менску, піша БелТА са спасылкай на прэс-службу беларускага ўраду.
Паводле інфармацыі прэс-службы ўраду, прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка падпісаў распараджэньне «Аб арганізацыі пахаваньня Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Макея У.У.» Згодна з дакумэнтам, створана камісія, куды ўвайшлі прадстаўнікі розных ведамстваў. У прыватнасьці, Менскаму гарвыканкаму даручылі арганізаваць пахаваньне Ўладзімера Макея на Ўсходніх могілках сталіцы.
Цырымонія разьвітаньня з Макеем адбудзецца ў аўторак, 29 лістапада, у сталічным Доме афіцэраў. Пачатак заплянаваны на 10-ю гадзіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якую спадчыну пакінуў Макей? Абмеркаваньне аналітыкаў- Уладзімер Макей нарадзіўся 5 жніўня 1958 году ў вёсцы Некрашэвічы (Карэліцкі раён Горадзенскай вобласьці).
- У 1980 годзе скончыў Менскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут замежных моваў (цяпер Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт), у 1993-м — Дыпляматычную акадэмію МЗС Аўстрыі.
- У тым самым годзе прыйшоў у МЗС, працаваў на пасадзе трэцяга сакратара ўпраўленьня інфармацыі і гуманітарнага супрацоўніцтва, другога сакратара аддзела аналізу і прагназаваньня, другога сакратара сакратарыяту міністра (1993–1995), намесьніка начальніка службы пратаколу (1995–1996), прадстаўніка Беларусі пры Радзе Эўропы, дарадніка пасольства ў Францыі (1996–1999), начальніка ўпраўленьня агульнаэўрапейскага супрацоўніцтва (1999–2000).
- У 2000-2008 гадах быў памочнікам Аляксандра Лукашэнкі, у 2008-2012 гадах — узначальваў Адміністрацыю прэзыдэнта.
- 22 жніўня 2012 года Лукашэнка прызначыў яго міністрам замежных справаў. Пасьля пратэстаў 2020 году Макей застаўся на сваёй пасадзе і заяўляў аб тым, што ў адказ на міжнародныя санкцыі супраць Менску ўлады працягнуць перасьлед грамадзкіх арганізацый. Неўзабаве ўлады правялі інтэнсіўную «зачыстку» грамадзкага сэктару, сотні арганізацый трапілі пад ліквідацыю, іх шматлікія дзеячы апынуліся ў турме і ў эміграцыі.