Такаеў уступіў на пасаду прэзыдэнта Казахстану на другі тэрмін

Касым-Жамарт Такаеў прыведзены да прысягі ў якасьці прэзыдэнта Казахстану. Цырымонія інаўгурацыі прайшла ў Палацы незалежнасьці ў Астане 26 лістапада.

Такаеў уступіў на пасаду на сямігадовы тэрмін — у адпаведнасьці са зьменамі Канстытуцыі, унесенымі да выбараў. Згодна з папраўкамі, адзін і той жа чалавек ня можа быць абраны прэзыдэнтам двойчы, аднак бягучы тэрмін Такаева з прыняцьцем зьменаў быў абнулены.

У сваім выступе Такаеў падзякаваў казахстанцам, якія аддалі за яго галасы. Пад аплядысмэнты залі ён заявіў, што краіне неабходна вярнуць усе незаконна вывезеныя на мяжу капіталы.

Касым-Жамарт Такаеў запэўніў, што Казахстан працягне шматвэктарную зьнешнюю палітыку, але «ў фокусе прыярытэтнай увагі» Казахстану знаходзіцца супрацоўніцтва з суседнімі дзяржавамі — Расеяй, Кітаем і «братэрскімі краінамі Цэнтральнай Азіі».

Такаеў паабяцаў падтрымаць сяло і даручыць ураду распрацаваць адпаведную канцэпцыю. Ён дадаў, што яго камандзе трэба «прарабіць вялікую працу па трансфармацыі грамадзтва і ператварэньня Казахстану ў разьвітую краіну з сапраўды дэмакратычнымі інстытутамі».

Паводле афіцыйных зьвестак, Такаеў набраў на пазачарговых выбарах 20 лістапада 81,3% галасоў выбарнікаў, пяцёра яго фармальных апанэнтаў атрымалі ад 2 да 3 % галасоў. Супраць усіх, паводле зьвестак Цэнтравыбаркаму, прагаласавалі амаль 6% выбарнікаў.

Незалежныя назіральнікі на выбарах у Казахстане сьцвярджаюць, што «ў Такаева няма і 70 працэнтаў» і заяўляюць пра пра выяўленыя парушэньні падчас назіраньня за выбарамі прэзыдэнта, якія прайшлі 20 лістапада.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК Казахстана: Такаеў перамог на выбарах прэзыдэнта