Гафуры адкрыта выступаў за дэмакратызацыю Ірану, за правы жанчын і ў падтрымку ўдзельнікаў пратэстаў, якія праходзяць у Іране з верасьня. Ён адзін з самых папулярных іранскіх спартоўцаў.
Вурыя Гафуры належыць да курдзкай меншасьці, якую ўціскаюць у Іране. Цягам усёй сваёй футбольнай кар’еры ён выказваўся за дэмакратызацыю Ірану. У прыватнасьці, ён быў супраць прынятай у краіне забароны жанчынам наведваць і глядзець мужчынскія футбольныя матчы. Гафуры не ўхваляў замежную палітыку Ірану, якая наклікала на краіну міжнародныя санкцыі.
Пасьля гібелі ў верасьні 22-гадовай праваабаронцы Махсы Аміні, якая таксама мела курдзкае паходжаньне, Гафуры выказаў спачуваньне яе сямʼі і горача выступаў у падтрымку ўдзельнікаў пратэстаў.
За сваю грамадзкую пазыцыю Гафуры летась быў звольнены з пасады капітана каманды «Эстэглаль». Нягледзячы на спартовыя посьпехі, ён ня быў адабраны ў алімпійскую зборную для ўдзелу ў чэмпіянаце сьвету ў футболе, які праходзіць зараз у Катары. У чацьвер іранская паліцыя арыштавала яго, калі ён выходзіў з трэнаваньня. Гэта пацьвердзіла курдзкая праваабарончая арганізацыя Hengaw.
На чэмпіянаце сьвету ў футболе ў Катары зборная Ірану адмовілася сьпяваць гімн краіны перад матчам з Ангельшчынай. Рашэньне каманда прыняла аднагалосна ў знак салідарнасьці з удзельнікамі масавых пратэстаў, якія праходзяць у Іране. Заўзятары сустрэлі ўчынак спартоўцаў воплескамі.
Пратэсты ў Іране пачаліся ў верасьні пасьля гібелі 22-гадовай абаронцы правоў жанчын Махсы Аміні з курдзкай меншасьці. Аміні затрымала паліцыя нораваў за распушчаны хіджаб; з паліцыйнага ўчастку яе павезьлі ў лякарню, дзе яна празь некалькі дзён сканала. Пратэстанты лічаць, што прычынай яе сьмерьці стала пабіцьцё.
Іранцы ўва ўсёй краіне, уключаючы сталіцу Тэгеран, трэці месяц працягваюць выступаць супраць паліцэйскага гвалту і шырэй — супраць барацьбы іранскіх уладаў з іншадумствам, за зрынаньне цяперашняга кіраўніка дзяржавы аяталы Алі Хаменэі і за дэмакратызацыю краіны.
Паліцыя жорстка перасьледуе нязгодных: паводле зьвестак праваабаронцаў, падчас пратэстаў сілы дзяржаўнай бясьпекі забілі як мінімум 326 чалавек, у тым ліку 43 дзіцяці; больш за 15 тысяч чалавек арыштаваныя. 14 лістапада іранскі суд вынес першы сьмяротны прысуд удзельніку пратэстаў.