Раніцай 25 лістапада сьвятло зьявілася ва ўсіх раёнах Кіева, але, вядома ж, спажыўцы ня могуць выкарыстоўваць электраэнэргію адначасова — па ўсім горадзе адбываюцца экстраныя адключэньні.
Украінскія карыстальнікі сацыяльных сетак сёньня актыўна распаўсюджваюць фатаздымак, на якім маленькая дзяўчынка, якой патрэбна стала дыхаць праз інгалятар, знаходзіцца на запраўцы, каб падсілкаваць апарат.
«Ад гэтых фота сэрцы нармальных людзей разрываюцца. Маленькая дзяўчынка з інгалятарам на запраўцы, дзе ёсьць генэратар, а таму яна можа дыхаць. Кожны дзень расейскай жорсткасьці толькі ўзмацняе нашу лютасьць. З гэтымі нелюдзямі ня можа быць ніякіх перамоў», — напісала дэпутат украінскага парлямэнту Ірына Герашчанка.
Энэргетыкі заклікаюць да эканоміі, бо сытуацыя, паводле іх, застаецца яшчэ вельмі складанай.
У большасьці раёнаў таксама аднавілі падачу халоднай вады і цяпла, але тэмпэратура ў кватэрах усё яшчэ застаецца нізкай. Сувязь працуе зь перабоямі, але ўжо можна зьвязвацца з калегамі і сваякамі.
Пакуль адмыслоўцы працавалі над аднаўленьнем падачы сьвятла і вады, усе маленькія крамы і кавярні ператварыліся ў энэргетычныя хабы. У іх людзі маглі бясплатна падсілкаваць тэлефоны і ліхтарыкі. Каб павялічыць магчымасьці, людзі прыходзілі ў крамы са сваімі «трайнікамі». Але ўсё роўна некаторым даводзілася чакаць, калі вызваліцца разэтка.
«Найбольш складаны этап пасьля атакі наша энэргасыстэма ўжо прайшла. Усе вобласьці падключаны, энэргасыстэма зноў аб’яднана з энэргасыстэмай Эўразьвязу. Усе тры атамныя станцыі, якія знаходзяцца на неакупаванай тэрыторыі, працуюць. Праз 1-2 дні яны выйдуць на сваю нармальную плянавую магутнасьць, і мы чакаем, што ўжо можна будзе перавесьці нашых спажыўцоў замест аварыйных на плянавыя графікі», – сказаў у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом кіраўнік праўленьня кампаніі «Укренерго» Уладзімір Кудрыцкі.
У Кіеве пакуль няшмат «пунктаў нязломнасьці». Больш актыўна іх пачалі ствараць увечары 24 лістапада на базе школаў. Туды прывозяць генэратары і буржуйкі. Настаўнікі, якія пакуль што вымушаны працаваць удзень зь дзецьмі, а ўвечары, у цэнтрах дапамогі, кажуць, што на сталай аснове пункты змогуць прымаць людзей ужо на пачатку наступнага тыдня.
Кірыла Цімашэнка, намесьнік кіраўніка Офісу прэзыдэнт Ўкраіны, які першым абвясьціў аб стварэньні такіх «пунктаў нязломнасьці», паведаміў, што па ўсёй краіне ўжо стварылі 4 тысячы такіх цэнтраў.
Гэта адмыслова ўпарадкаваныя месцы, дзе людзі могуць падсілкаваць тэлефоны, сагрэцца і выпіць цёплых напояў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля расейскіх ракетных абстрэлаў 70% Кіева застаецца без электрычнасьці