Кіеў: у Крыме былі забітыя іранцы, якія дапамагалі расейскім вайскоўцам кіраваць бесьпілётнікамі

Матор зьбітага над Украінай іранскага бесьпілётніка Shahed-136

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў пацьвердзіў, што ў Крыме былі забітыя іранскія інструктары, якія дапамагалі расейскім вайскоўцам кіраваць дронамі-камікадзэ Shahed-136.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць The Guardian, любыя іншыя іранцы, якія знаходзяцца на акупаванай украінскай тэрыторыі і падтрымліваюць расейскае ўварваньне, таксама могуць стаць мішэньню. Пры гэтым ён не ўдакладніў колькасьці загінулых іранскіх спэцыялістаў.

22 лістапада неназваны ўкраінскі чыноўнік паведаміў Jerusalem Post, што за тыдзень украінцы змаглі ліквідаваць дзесяць грамадзян Ірану, якія навучалі расейцаў, як выкарыстоўваць іранскія бесьпілётнікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія вайскоўцы расказалі, колькі ракет і «шахедаў» зьбіла СПА падчас масаванага ўдару расейцаў 15 лістапада
  • Кіеў абвінавачвае Маскву ў выкарыстаньні іранскіх бесьпілётнікаў Shahed-136 пры атаках на цывільныя і энэргетычныя аб’екты. Расейскі бок афіцыйна абвяргаў гэтыя абвінавачваньні.
  • 5 лістапада Іран прызнаў, што пастаўляў Расtі бесьпілётнікі. Паводле міністра замежных спраў Іранe Хасейна Абдалахіяна, «невялікая колькасьць» бесьпілётнікаў была пастаўлена за некалькі месяцаў да пачатку расейскага ўварваньня. ЗША, ЭЗ, Вялікая Брытанія і Швайцарыя ўвялі санкцыі супраць іранскага вытворцы бесьпілётнікаў Shahed Aviation Industries і кампаній, якія дапамагаюць з пастаўкамі іранскіх бесьпілётных лятальных апаратаў у Расею.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран упершыню прызнаў пастаўкі бесьпілётнікаў у Расею