Пра гэта гаворыцца ў адказе кабінэту канцлера, падрыхтаваным на запыт фракцыі левых у Бундэстагу. Дэпутаты цікавіліся станам у гэтай сфэры пасьля ліквідацыі НДА ў Расеі і Беларусі, а таксама ўвядзеньня санкцыяў Эўразьвязу супраць абедзьвюх краін.
«З гледзішча фэдэральнага ўраду цяперашні расейскі ўрад дыскрэдытаваў сябе як партнэр у пытаньнях памяці і дасьледаваньня нацысцкіх злачынстваў праз агрэсіўную вайну супраць Украіны, якая супярэчыць міжнароднаму праву, і зьвязаную зь ёй кампанію прапаганды і дэзынфармацыі, якая скажае гісторыю», — гаворыцца ў адказе кабінэту канцлера Оляфа Шольца.
Адзінкавыя выключэньні магчымыя пасьля «ўважлівай ацэнкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура патрабуе 2 гады ўмоўна былой сакратарцы нямецкага канцлягеру ў ШтутгофеПры гэтым нямецкія музэі і мэмарыялы самастойна вызначаюць фармат супрацы з партнэрамі. «Паводле зьвестак фэдэральнага ўраду, «Гістарычная майстэрня» ў Менску працягвае праекты зь нямецкім удзелам», — зазначаецца ў адказе.
Урад Нямеччыны паведамляе таксама, што ў 2022 годзе было скасавана шэсьць падзеяў у рамках абмену зь Беларусьсю і РФ на тэму ўвечненьня памяці і прымірэньня з агульнай колькасьцю каля 700 удзельнікаў .
- Заснавальнікі «Гістарычнай майстэрні» — Міжнародны адукацыйны цэнтар (Дортмунд), Менскі міжнародны адукацыйны цэнтар імя Я. Раў (заснавальнікі — МАЦ у Дортмундзе, Менгарвыканкам, «Беларусбанк», дзяржаўнае турыстычнае агенцтва «Беларускі спадарожнік»), Саюз Беларускіх яўрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і грамадаў.