Шмат дзе ў сьвеце сёньня, 25 лістапада, кажуць пра тое, як важна перадухіляць гвалт над жанчынамі. У Беларусі ж гэтага амаль не чуваць, і не таму, што ўсё добра. Проста гвалт — у тым ліку і гендэрна абумоўлены — даўно стаў часткаю дзяржаўнай ідэалёгіі. І цяпер гэта відавочна сапраўды шырокім масам.
Раней жа было як? Ну працуе «Радзіслава», ратуе жанчын ад мужоў, бацькоў і сыноў. Ну спрабуе вучыць міліцыянтаў, як працаваць з хатнім гвалтам. Але большасьці неяк усё адно, бо большасьць упэўнена: калі жанчына захоча, яна сыдзе. І ўвогуле трэба яшчэ разабрацца, ці не справакавала яна тое, каб ёй разьбілі галаву аб сьцяну ці каб яе напалову зьвесілі з вакна.
Гэтаксама і з вулічным гвалтам — быццам быў такі грамадзкі кансэнсус, што з добрымі і правільнымі жанчынамі кепскага не здараецца, а калі ўсё ж здарылася, дык гэта выпадковасьць, ніякай сыстэмнай праблемы няма і выпраўляць, адпаведна, нічога ня трэба. Зрэшты, ніхто не застрахаваны ад звычайнага няшчаснага выпадку!
Галасы актывістак заставаліся нібыта маргінальнымі, і яны часта танулі ў хоры абвінавачаньняў, што гэтым актывісткам проста няма чым заняцца і што яны (мы) выдумляюць праблемы, якіх насамрэч не існуе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На судзе ніхто ня выступіў у абарону прытулку, нават офіс ААН», — асуджаная на «хатнюю хімію» кіраўніца «Радзіславы» Вольга ГарбуноваЦяпер, увосень 2022 году, нават гэтых “маргінальных” галасоў у Беларусі амаль не засталося. Хто за мяжой, хто ў турме, хто ў глыбокім падпольлі. І нешта мне падказвае, што нават самым заўзятым ненавісьнікам жанчын гэтая новая рэальнасьць ня надта падабаецца. Гэта рэальнасьць, у якой жанчын катуюць за грамадзянскую пазыцыю, пагражаюць адабраць у іх дзяцей у пакараньне і часам сапраўды адбіраюць. Проста таму, што могуць.
Гэта рэальнасьць, у якой жанчын кідаюць у ледзяныя карцары і ШЫЗА, забываючыся, як дзяржаўная прапаганда паралельна расказвае пра сьвятасьць мацярынства. Дзе жанчынам, якім „шыюць“ палітычна матываваныя крымінальныя справы, “з парога” пагражаюць, што яны гадоў дзесяць яшчэ не пабачаць сваіх дзяцей. Дзе жанчын, якіх па законе ня могуць адправіць на „суткі“, затрымліваюць у пятніцу, каб патрымаць у нечалавечых умовах хоць бы да панядзелка, калі адбудзецца так званы суд. І немаўля дома — таксама не аргумэнт.
Гэта рэальнасьць, у якой гвалт стаў такім масавым і непрыкрытым, што выпадкова не заўважаць яго немагчыма. Для гэтага трэба альбо жыць на хутары бяз сродкаў сувязі, альбо знарок ігнараваць навіны і навакольную рэчаіснасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цяжка спаць на падлозе, калі пад галавой пакецік з парэзаным хлебам». Жанчыны — пра турму на Акрэсьціна безь перадачаўПры гэтым (амаль) няма больш у Беларусі ініцыятыў, якія б дапамагалі жанчынам адстойваць іх (нашыя) правы і літаральна ратавалі б ад гвалту. Больш не працуе гарачая тэлефонная лінія, у “Радзіславу” нікога не накіруеш, бо яе няма, а так званыя праваахоўнікі, якіх гадамі вучылі працы з пацярпелымі ад хатняга гвалту, цяпер дакладна сталі апошнімі людзьмі, да якіх хочацца зьвяртацца па дапамогу. І цяпер ім ужо зусім не да пабітых жанчын — яны яшчэ не за ўсе камэнтары ў інтэрнэце перасаджалі незадаволеных уладамі і вайной.
Так заўжды бывае: ірвецца найперш там, дзе тонка. А з падтрымкай і абаронай жанчын у Беларусі заўжды было зусім тоненька. І цяпер, на фоне двух гадоў рэпрэсіяў і дзевяці месяцаў поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, прыцягваць увагу да так званай жаночай тэматыкі ўсё цяжэй. Цяпер, маўляў, ня час, цяпер ёсьць справы важнейшыя.
Толькі ўсё гэта — чарговыя зручныя адгаворкі. Дзякуючы ім і далей можна не зьвяртаць увагу ні на хатні, ні на вулічны, ні на дзяржаўны гвалт над жанчынамі.
Ну не прызнаваць жа, што ўсё настолькі кепска.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.