У латвійскім Даўгаўпілсе (вядомым таксама як Дзьвінск і Дынабург) апаганілі помнік польскім і латыскім жаўнерам, якія разам вызвалялі Дзьвінск і Латгалію ад бальшавікоў падчас вайны ў 1920 годзе.
Здымкі апаганенага помніка зьявіліся ў твітэры мясцовага жыхара. Пра рэакцыю ўладаў пакуль няма інфармацыі.
У лістападзе 1919 году Польшча і Латвія заключылі пагадненьне для сумеснага змаганьня з бальшавіцкай Расеяй. Была распрацавана ваенная апэрацыя «Зіма», палякі накіравалі ў Латгалію 1-ю і 3-ю пяхотныя дывізіі зь сямю палкамі. Наступ на Дзьвінск пачаўся 3 студзеня 1920 году. У той жа дзень войскі выбілі бальшавікоў з гораду, тыя пачалі адступаць на паўночны ўсход. Ужо 5 студзеня польскія і латыскія войскі злучыліся на лініі Страдзішкі — Вішкі — Краслава.
У наступныя дні расейцы нанесьлі два контрудары, але прарваць фронт ім не ўдалося. Пасьля заканчэньня апэрацыі па вызваленьні Латгаліі 21 лютага 1920 году ў Дзьвінску адбыўся парад польскага войска, які прыняў яго галоўны вайскавод Юзэф Пілсудзкі. У гонар гэтай падзеі ў горадзе ёсьць памятная дошка.
Адной з апаганеных выяў на помніку, як відаць з фота, стала выява Яніса Балодзіса, галоўнага камандзіра Ўзброеных сіл Латвіі (1919–1921). Пасьля савецкай акупацыі Латвіі і пачатку ІІ усясьветнай вайны Балодзіса з жонкай арыштавалі. Афіцэр наступныя 15 гадоў правёў у турмах Расеі, пасьля сьмерці Сталіна быў вызвалены, а ў 1956-м вярнуўся ў Латвію, дзе памёр у 1965-м ва ўзросьце 84 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Курапатах зноў апаганілі мэмарыяльны крыж Вацлаву Ластоўскаму ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мюнхэне вандалы апаганілі магілу Сьцяпана Бандэры. ФОТА