Апошнія замеры глядацкіх сымпатый расейскай аўдыторыі паказалі, што прапагандысцкія шоў Уладзіміра Салаўёва і Вольгі Скабеевай упершыню за доўгі час выпалі з топ-10 найпапулярнейшых перадач. У пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне абедзьве гэтыя перадачы ўвогуле ўваходзілі ў топ-5, цяпер жа Салаўёў зваліўся на 17-е месца, а Скабеева — на 13-е.
Дырэктар расейскага «Левада-центра» Дзяніс Волкаў тлумачыў, што «глядач пазьбягае навін пра вайну, каб захаваць псыхічнае і фізычнае здароўе».
Тым ня менш самі перадачы працягваюць выходзіць з зайздроснай пэрыядычнасьцю, а гасьцямі там выступаюць ня толькі расейскія ўдзельнікі, але і госьці зь Менску.
Свабода паглядзела, што гаварылі цягам апошніх месяцаў беларускія прапагандысты на такіх шоў.
«Можа, затрымаесься на 3-5 гадоў»
Самым частым госьцем Уладзіміра Салаўёва зьяўляецца кіраўнік беларускага таварыства «Веды», былы дэкан філязофскага факультэта БДУ Вадзім Гігін. На эфіры ён прыходзіў 9, 16, 17, 18, 19, 20, 23, 31 кастрычніка, а таксама 6 і 15 лістапада.
«Мэты дэнацыфікацыі мы цалкам падзяляем», — сказаў Гігін у этэры Салаўёва 6 лістапада.
Ён перакананы, што расейскія салдаты цудоўна разумеюць, за што яны ваююць, а вось некаторыя чыноўнікі ідуць на дамовы з Украінай. У якасьці прыкладу ён прывёў так званую «харчовую ўгоду» (пагадненьне аб вывазе зерня з Украіны. — РС). Гігін пераконваў, што Лукашэнка ніколі б не паверыў «кіеўскаму рэжыму», як гэта робяць некаторыя ў Расеі.
«Лукашэнка казаў, што яшчэ прыдзе той час, калі мы з Пуціным будзем разам адстрэльвацца. Мы ўсё яшчэ вядзём вайну ў рамках сыстэмы, а не па-рэвалюцыйнаму, мы застаёмся ў рамках заходняй сыстэмы. І, пакуль там застаёмся, там выйграць па-вялікаму не атрымаецца. Выйграць можам толькі па-рэвалюцыйнаму, калі вырвемся з гэтай сыстэмы», — перакананы Гігін.
Кіраўнік «Ведаў» прапаноўваў беларусам, якія абураюцца, што ня могуць за мяжой паўдзельнічаць у галасаваньні, прыехаць на радзіму. «Прыяжджай у Беларусь і галасуй. Ну можа затрымаесься на 3-5 гадоў», — жартаваў ён, намякаючы на крымінальны перасьлед.
Таксама Гігін падкрэсьліваў, што, у адрозьненьне ад Астаны ці Ерэвану, у Менску ніхто не прыслухоўваецца да прапановаў Захаду дыстанцыявацца ад гэтай вайны.
«Мне расказвалі нашы памежнікі. Выходзіць УСУ-шнік, наводзіць на нашага аўтамат і робіць выгляд, што страляе. Мы чуем заявы: „А ці не ўдарыць нам па Беларусі?“. Самая галоўная тэрарыстычная групоўка на Украіне — выведка пад камандаваньнем Буданава. Яны рыхтавалі тэракты на нашай тэрыторыі», — казаў Гігін.
Ніякіх доказаў таму, што Ўкраіна сапраўды рыхтавала тэракты ў Беларусі, Гігін у расейскіх эфірах не прыводзіў. Тое самае ўласьціва і іншым прапагандыстам зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Такіх пэрсанажаў, як Красоўскі, у беларускай прапагандзе пакуль няма», — мэдыя-экспэрт Быкоўскі«Салют у Маскве, калі тапталі расейскія сьцягі, цяжка зразумець»
Наступнымі па папулярнасьці беларускімі пэрсанажамі ў Салаўёва зьўляюцца палітычныя аглядальнікі Аляксандар Шпакоўскі і Аляксей Дзермант. І адзін, і другі называюць расейскае войскае і расейскую ўладу «нашымі».
Шпакоўскі нярэдка крытыкуе дзеяньні расейскіх уладаў за непасьлядоўнасьць, патрабуе большай жорсткасьці і закручваньня гаек. Напрыклад, яго абурыла сьвяткаваньне Дня гораду ў Маскве, калі расейскія войскі адступалі ў Харкаўскай вобласьці.
«Салют у Маскве, калі ў Харкаўскай вобласьці здымалі і тапталі расейскія сьцягі — гэта цяжка зразумець», — казаў ён.
Пасьля таго, як украінскія войскі вызвалілі Херсон, Шпакоўскі сказаў: «Мы аддаём частку Расеі, і гэта трэба ўсведамляць вайскоўцам. Гэта ня шахматы, дзе пешку аддаў — пешку забраў».
Шпакоўскі перакананы, што вайна Расеяй ня будзе выйграная, пакуль грамадзяне краіны не пачнуць успрымаць яе як народную. Ён расказваў выпадак, як ляцеў у Маскву адным рэйсам з расейскім салдатам, які вярнуўся з Украіны. Той быццам яму сказаў: «Калі трэба, то мы зноў вернемся ў Кіеў».
«Расея была, ёсьць і будзе найважнейшым фактарам бясьпекі нашай краіны, пастаўляе нам зброю. Але трэба разумець, што расейскія войскі пайшлі зь Беларусі, а Менск застаўся разьбірацца з ашалелым, усё больш борзым кіеўскім рэжымам, які абяцае нанесьці ўдары па нашай тэрыторыі», — казаў Шпакоўскі ў эфіры Салаўёва.
Аляксей Дзермант таксама ставіць Расеі шмат у якіх пытаньнях прыклад Беларусі. У прыватнасьці, у пытаньні палітычных рэпрэсій.
«Недапушчальна, каб нейкія пасквілянты глуміліся з герояў. У нас адразу іх бяруць за вуха, вязуць у адпаведныя органы і наступае адказнасьць. Павінна быць пазбаўленьне грамадзянства для тых, хто ўцёк і наносіць шкоду з-за мяжы. Сваіх здраднікаў мы назаўжды павінны выкрасьліць з нашага жыцьця», — казаў Дзермант.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як хлусіць беларуская дзяржаўная прапаганда: антыфэйк Свабоды. ВІДЭА«Гэта генацыд расейцаў»
На эфіры расейскай тэлевізіі болей не запрашаюць амаль нікога іншага зь беларускіх прапагандыстаў, а вось у праграмах, што выходзяць у інтэрнэце, пул нашмат большы. Напрыклад, на шоў «Салаўёў Live» дастаткова часта прыходзіць кіраўнік Беларускага саюзу журналістаў Андрэй Крывашэеў.
«Гэта генацыд расейцаў па ўсім сьвеце», — казаў Крывашэеў пра стаўленьне да грамадзян РФ за мяжой.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Тэнгіз Думбадзэ ў перадачы Салаўёва заявіў, што не ў беларускім характары ўцякаць.
«Беларусь ня хоча ваяваць. Але калі да нас прыйдзе нехта ўзброены, то што рабіць? Баязьліва ўцякаць і саступаць? Гэта ня ў нашых правілах і ня ў нашым характары. Мы ўсе нашчадкі вялікіх герояў. Як я магу гэта забыць?» — сказаў Думбадзэ.
Вядоўца БТ Марыя Пятрашка была перакананая, што Польшча рыхтуе вайну на тэрыторыі Беларусі (ніякіх доказаў гэтаму яна таксама не прадэманстравала. — РС).
«Праз геаграфічнае становішча мы заўжды пад ударам. Нам гэтага не пазьбегнуць. Вядома, лепш уступаць у вайну з загартаванымі афіцэрамі. Але ў нас вялікі арыентыр на эканоміку. Лукашэнка кажа, што кожны павінен займацца сваімі справамі», — сказала Пятрашка.
Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Аляксей Аўдонін таксама гаварыў аб тым, што Польшча сумесна з Вашынгтонам і Лёнданам рыхтуе вайну на тэрыторыі Беларусі.
«Яны гатовыя пайсьці на вырашальны бой», — казаў Аўдонін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўныя тэлеканалы АНТ і СТБ атрымаюць дадатковыя субсыдыі зь бюджэту