У 2020 годзе ўрад Трудо рашуча зрэагаваў на падзеі ў Беларусі, фінансава падтрымаўшы беларускіх праваабаронцаў і грамадзкія ініцыятывы, нагадвае тэлеграм-канал Сьвятланы Ціханоўскай.
Сьвятлана Ціханоўская расказала пра неабходнасьць кансалідаванай стратэгіі па Беларусі краінамі Вялікай сямёркі. Яна адзначыла, што неабходны захады для абароны беларускай незалежнасьці. Ціханоўская таксама прапанавала падтрымаць беларускую дыяспару, а таксама перадаць гуманітарную дапамогу беларускім добраахвотнікам, якія змагаюцца на перадавой за Ўкраіну.
«Канада падтрымлівае лідэра беларускай апазыцыі Сьвятлану Ціханоўскую і дэмакратычны рух у Беларусі. На гэтым тыдні, вітаючы яе ў Канадзе, мы робім далейшыя крокі для яшчэ большага ціску на беларускае кіраўніцтва», — заявіў Трудо ў сваім твітэры напярэдадні сустрэчы.
«Канада накладае санкцыі яшчэ на 22 беларускія службовыя асобы, у тым ліку тых, хто мае дачыненьне да разьмяшчэньня і перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая ўдзельнічала ва ўварваньні ва Ўкраіну. Канада таксама ўводзіць санкцыі яшчэ супраць 16 беларускіх кампаній, зьвязаных з вайсковай прамысловасьцю, тэхналёгіямі, машынабудаваньнем, банкаўскай справай і чыгуначнымі перавозкамі», — напісаў палітык.