Эўрапарлямэнт абвясьціў Расею «дзяржавай — спонсарам тэрарызму» з прычыны «брутальных і бесчалавечных» дзеяньняў, учыненых супраць Украіны і яе грамадзян ад пачатку ўварваньня.
«Зьверствы, учыненыя Расейскай Фэдэрацыяй супраць мірнага насельніцтва Ўкраіны, зьнішчэньне цывільнай інфраструктуры і іншыя сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека і міжнароднага гуманітарнага права адносяцца да актаў тэрарызму супраць насельніцтва Ўкраіны і зьяўляюцца ваеннымі злачынствамі», — гаворыцца ў заяве эўрадэпутатаў.
«У святле вышэйсказанага (Эўрапарлямэнт) прызнае Расею дзяржавай — спонсарам тэрарызму і дзяржавай, якая выкарыстоўвае сродкі тэрарызму».
За рэзалюцыю прагаласавалі 494 дэпутаты, 58 былі супраць і 44 устрымаліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэскі парлямэнт прызнаў Расею «дзяржавай-спонсарам тэрарызму»Дэпутаты асуджаюць «незаконную, несправакаваную і неапраўданую агрэсіўную вайну» Расеі супраць Украіны і абвінавачваюць расейскую армію ва ўчыненьні доўгага сьпісу злачынстваў — такіх, як напады на крытычную інфраструктуру, забойства тысяч мірных жыхароў і сотні дзяцей, расстрэлы без суду, выкраданьні, згвалтаваньні, перасьлед, катаваньні, масавыя затрыманьні і прымусовыя дэпартацыі.
Эўрадэпутаты адзначылі, што дагэтуль ва Ўкраіне былі задакумэнтаваныя амаль 40 000 ваенных злачынстваў.
Заканадаўцы таксама асудзілі Расею за правакаваньне «буйнамаштабнага» гуманітарнага крызісу і «выкарыстаньне ў якасьці зброі» харчу і голаду з глябальнымі наступствамі.
Эўрапарлямэнт заклікаў краіны — чальцоў ЭЗ распрацаваць новую праўную базу, якая дазволіць вызначыць цэлую краіну спонсарам тэрарызму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнат Польшчы прыняў рэзалюцыю аб прызнаньні рэжыму ў Расеі тэрарыстычным- Цяперашні сьпіс тэрарыстаў ЭЗ, які створаны пасьля 11 верасьня 2001 і пераглядаецца кожныя шэсьць месяцаў, дазваляе ўносіць у чорны сьпіс толькі асобаў і арганізацыі.
- Дагэтуль былі дададзеныя толькі 13 асобаў і 21 арганізацыя, такія як ХАМАС, Рабочая партыя Курдыстану (РПК), Нацыянальная вызваленчая армія Калюмбіі (ELN) і вайсковае крыло Хізбалы.
- У якасьці інструмэнту замежнай палітыкі любыя зьмены ў сьпісе патрабуюць аднагалоснасьці ўсіх 27 краін ЭЗ.
- Рэзалюцыя прынятая празь некалькі дзён пасьля таго, як Расея пачала новы шквал нападаў на ключавую інфраструктуру Ўкраіны, выклікаючы асьцярогі што. да масавага сыходу людзей напярэдадні зімовага сэзону.