«Гэта было вялікім шокам... Мы маглі бачыць, як канцэнтруюцца тактычныя групы расейскіх батальёнаў, але ў розных краін былі вельмі розныя пункты гледжаньня», — паведаміў Джонсан.
Былы брытанскі прэмʼер падкрэсьліў, што пазьней краіны ЭЗ абʼядналіся вакол Украіны і пачалі надаваць ёй падтрымку. Аднак, паводле яго, да ўварваньня Расеі пазыцыі саюзьнікаў разыходзіліся.
Так, у пэўны момант у Нямеччыне лічылі, што калі вайна пачнецца, то Ўкраіне лепш здацца. «Нямеччына ў нейкі момант лічыла, што калі гэта (уварваньне) адбудзецца, што будзе катастрофай, то лепш скончыць усё як мага хутчэй, а Ўкраіне — здацца», — заявіў Джонсан. Паводле яго, такі падыход тлумачыўся «разнастайнымі важкімі эканамічнымі прычынамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шольц: Нямеччына павінна быць гатовая да эскаляцыі вайны Расеі супраць УкраіныФранцыя ня верыла ў магчымасьць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. «Не сумнявайцеся, што французы адмаўляліся ў гэта верыць да самага апошняга моманту», — сказаў былы кіраўнік брытанскага ўраду. (Раней францускія дакумэнталісты паказалі размову Макрона зь Зяленскім раніцай 24 лютага, калі прэзыдэнт Францыі пытае ў прэзыдэнта Ўкраіны, ці сапраўды Пуцін пачаў атаку на Кіеў.)
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Францыя перадасьць Украіне сыстэмы СПА. Пару дзён таму гэта ўжо зрабіла НямеччынаУ сваю чаргу ўрад Італіі пад кіраўніцтвам былога прэмʼер-міністра Марыё Драгі, паводле Джонсана, у нейкі момант заявіў, што ня зможа падтрымаць пазыцыю іншых краін з прычыны залежнасьці ад расейскіх вуглевадародаў.
Пасьля ўварваньня Расеі стаўленьне эўрапейскіх лідэраў да вайны зьмянілася, расказаў Джонсан. «Усе — немцы, французы, італьянцы, (прэзыдэнт ЗША) Джо Байдэн — убачылі, што выбару проста няма. Бо з гэтым хлопцам (прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным) дамовіцца не ўдалося. Гэта ключавы момант», — адзначыў былы прэмʼер.
- Пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Нямеччына, Францыя і Італія заявілі аб падтрымцы Кіева. Яны далучыліся да санкцыяў супраць РФ, пастаўляюць Украіне зброю, а таксама паабяцалі дапамагчы аднавіць краіну пасьля вайны.
- Борыс Джонсан займаў пасаду прэмʼер-міністра Вялікай Брытаніі ў 2019–2022 гадах. З пачаткам вайны краіна стала адным зь лідэраў у падтрымцы Ўкраіны. Сам Джонсан тройчы прыяжджаў у Кіеў пасьля пачатку ўварваньня.