Сьвятлана Ціханоўская падчас свайго візыту ў Канаду сустрэлася зь міністрам замежных справаў краіны Мэляні Жалі, зь якой абмеркавала парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны і падтрымку дэмакратычнага руху.
«Дзякуй, Сьвятлана, за вашае лідэрства. Канада побач з вамі», — напісала пасьля размовы зь Ціханоўскай Мэляні Жалі.
Ціханоўская ў сваю чаргу пацьвердзіла «цьвёрдую падтрымку Канадаю свабоднай і дэмакратычнай Беларусі» і падзякавала Жалі за «цёплую сустрэчу».
Ціханоўская таксама адзначыла, што вітае рашэньне аб увядзеньні Канадай новага пакету санкцыяў супраць кампаніяў і прыватных асобаў, якія падтрымліваюць тэрор супраць беларусаў і вайну Пуціна супраць Украіны.
Новыя санкцыі анансаваў прэм’ер-міністар краіны Джастын Трудо.
«Канада падтрымлівае лідэра беларускай апазыцыі Сьвятлану Ціханоўскую і дэмакратычны рух у Беларусі. На гэтым тыдні, вітаючы яе ў Канадзе, мы робім далейшыя крокі для яшчэ большага ціску на беларускае кіраўніцтва», — заявіў Трудо.
«Канада накладае санкцыі яшчэ на 22 беларускія службовыя асобы, у тым ліку тых, хто мае дачыненьне да разьмяшчэньня і перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая ўдзельнічала ва ўварваньні ва Ўкраіну. — Канада таксама ўводзіць санкцыі яшчэ супраць 16 беларускіх кампаній, зьвязаных з вайсковай прамысловасьцю, тэхналёгіямі, машынабудаваньнем, банкаўскай справай і чыгуначнымі перавозкамі», — напісаў палітык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцай Мінабароны Канады, сэнатарамі ЗША і Парашэнкам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай. ФОТА