Цэнавы максымум імпартаванай расейскай нафты на ўзроўні, блізкім да 60 даляраў, можа быць вызначаны ў сераду на сустрэчы прадстаўнікоў краінаў — сяброў Эўразьвязу, паведамляе газэта Wall Street Journal з спасылкай на свае крыніцы.
Усё яшчэ абмяркоўваецца дастаткова шырокі дыяпазон цэнаў. Верхняя мяжа — 70 даляраў за барэль. Пасьля дасягненьня аднадушнага рашэньня чальцамі Эўразьвязу гэтае рашэньне, як чакаецца, ухваляць «Вялікая сямёрка» і Аўстралія. Уступленьне новых абмежаваньняў у сілу намечана на 5 сьнежня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: Краіны G7 і Аўстралія дамовіліся аб фіксаванай цане на расейскую нафтуІдэю абмежаваць цэны на закупку расейскай нафты, якую імпартуюць танкерамі, прапанавала некалькі месяцаў таму міністарка фінансаў ЗША Джанэт Елен. Мэта — скараціць даходы Крэмля з экспарту нафты, захаваўшы для Расеі стымулы здабываць і экспартаваць нафту. Захад мае намер кантраляваць цэны імпартаванай расейскай нафты з дапамогай забароны страхаваньня марскіх перавозак, фінансаваньня і транспартаваньня нафты, набытай за вышэйшую цану. Караблі, абвінавачаныя ў парушэньні забароны, пазбавяць магчымасьці страхаваць груз на тры месяцы. Ва ўдакладненьнях, апублікаваных міністэрствам фінансаў ЗША ў аўторак, гаворыцца, што санкцыі будуць накладзеныя толькі на тых уладальнікаў караблёў, хто сьвядома парушае забарону. Прадугледжваецца, што ўзровень цэнаў будзе карэктавацца зь цягам часу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна падвышае цану транзыту расейскай нафтыНекаторыя заходнія спэцыялісты лічаць, што гэты плян непрацаздольны. Былы міністар фінансаў ЗША Стывэн Мнучын днямі назваў яго «сьмеху вартым». Расея заяўляе, што ня будзе прадаваць нафту па цэнах, якія дыктуюць заходнія сталіцы, але ў Вашынгтоне, як піша Wall Street Journal, лічаць, што Крэмль блефуе. «Мы думаем, цэнавая столь дасьць вынік, і мы маем магчымасьць зьвярнуцца да стратэгічных нафтавых рэзэрваў», — кажа Джанэт Елен.
У выпадку няздольнасьці краін — чальцоў Эўразьвязу дасягнуць дамоўленасьці аб мяжы цэнаў на імпартаваную расейскую нафту з 5 сьнежня ў сілу мае ўступіць эўрапейская забарона на фінансаваньне і страхаваньне перавозак расейскай нафты. Гэта можа, як асьцерагаецца Белы дом, прывесьці да рэзкага ўзьлёту сусьветных цэнаў на нафту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ зацьвердзіў восьмы пакет санкцый супраць Расеі, уключаючы абмежаваньне цэнаў на нафту. Беларусь ня згадваецца