У выніку землятрусу магнітудай 5,6 бала паводле шкалы Рыхтэра, эпіцэнтрам якога стаў горад Чыанджур у інданэзійскай правінцыі Заходняя Ява, загінулі 268 чалавек, паведамляе агенцтва Associated Press.
Больш за тысячу чалавек, якія пацярпелі ў выніку абвальваньня дамоў, шпіталізаваныя ў блізкіх гарадах. У самім Чыанджуры шпіталі перапоўненыя параненымі, многім зь іх даводзіцца чакаць аказаньня мэдычнай дапамогі ў палатках, разьбітых на гарадзкіх вуліцах.
Выратавальныя службы працягваюць пошукавыя працы ў навакольлях гораду — мясцовыя жыхары заяўляюць аб дзясятках зьніклых бязь вестак сваякоў і знаёмых.
Землятрус, ахвярамі якога сталі сотні жыхароў Чыянджуру, адбыўся ў панядзелак, 21 лістапада. Сярод ахвяраў землятрусу, як паведаміў губэрнатар рэгіёну, мноства школьнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Землятрус у Інданэзіі: больш за 160 загінулых і сотні параненых- У лютым сёлета ў выніку землятрусу магнітудай 6,2 бала паводле шкалы Рыхтэра ў інданэзійскай правінцыі Заходняя Суматра загінулі 25 чалавек, каля 500 былі параненыя. У студзені 2021 году землятрус магнітудай 6,2 паводле шкалы Рыхтэра адбыўся ў Заходняй Сулавэзі, яшчэ адной інданэзійскай правінцыі. Тады ахвярамі стыхіі сталі больш за сто чалавек, а больш за шэсьць з паловай тысяч атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасьці.