«Купалаўцы» пакажуць новыя спэктаклі на сцэне ў Нямеччыне і ў жывым стрыме на YouTube

Тэатральная група «Купалаўцы» пакажа прэм’еру трох спэктакляў беларускіх аўтараў і рэжысэраў у тэатры «Рампэ» ў нямецкім Штутгарце, а таксама ў фармаце жывога стрыму на YouTube-канале «Купалаўцы».

«KUPALAUCY: KUO VADIS? — гэта новы тэатральны праект незалежнай тэатральнай групы Купалаўцы і нямецкай культурніцкай арганізацыi KuB/Kulturverein Belarus. Праект мае форму творчых лябараторыяў i прасоўвае маладую беларускую лiтаратуру i драму, сумесную працу беларускiх i нямецкiх спэцыялiстаў», — пішуць „Купалаўцы“ ў сваім прэс-рэлізе.

«У кастрычнiку 2022 году тры тандэмы маладых аўтараў і рэжысэраў — Сяргея Лескеця і Рамана Падалякі, Ганны Златкоўскай і Андрэя Саўчанкi, Аляксандра Чарнухi і Марыны Мiхальчук — былi запрошаны да ўдзелу ў першай лябараторыi праекту, — гаворыцца ў прэс-рэлізе. — У вынiку iх сумеснай працы над ужо iсным лiтаратурным матэрыялам былi створаны тры новыя п’есы. Такiм чынам, праект асьвятляе тры вымярэньні беларускай ідэнтычнасьці ў трох новых творах: традыцыі i беларускія каранi, рэчаіснасьць вымушанай эміграцыі і кафкiянства iснай бюракратыі».

Прэзэнтацыя прэм’ераў трох чытак-спэктакляў ужывую пройдзе ў тэатры «Рампэ» ў Штутгарце 26 лістапада. Пачатак паказу — 18:00 нямецкага часу. Спэктаклi будуць па-беларуску зь нямецкiмi субтытрамi. Жывы стрым, а пазьней i запic чытак будзе даступны на YouTube-канале групы «Купалаўцы». Стрым пачнецца 26 лістапада а 20:00 беларускага часу.

«Купалаўцы» таксама паведамляюць, што 24 лістапада на іхным YouTube-канале адбудзецца прэм’ера спэктаклю «Рамантыка» паводле Адама Міцкевіча ў пастаноўцы рэжысэра Мікалая Пінігіна. Офлайн-паказы спэктаклю адбыліся ў кастрычніку сёлета ў Тэатры Польскім (Варшава). Аснова спэктаклю — «Баляды і рамансы», першы паэтычны зборнік славутага паэта, ураджэнца Беларусі Адама Міцкевіча».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вольныя купалаўцы» выступілі ў Варшаве з прэм’ерай «Рамантыка» паводле Міцкевіча. ФОТА