Пра гэта паведамляе выданьне Daily Sabah са спасылкай на кіраўніка МУС Турэччыны Сюлеймана Сойлю. Пад абстрэл трапілі школа, два дамы і грузавік.
Турэцкія ўлады заявілі, што пяць ракет выпусьцілі з поўначы Сырыі апалчэнцы з групоўкі «Працоўная партыя Курдыстану» (Анкара прызнала яе тэрарыстычнай).
У ноч на нядзелю турэцкая вайсковая авіяцыя нанесла шэраг ракетных удараў па паселішчах на поўначы Іраку і Сырыі, дзе базуюцца атрады курдзкай узброенай апазыцыі. Міністэрства абароны Турэччыны заявіла, што праводзіць апэрацыю ў адпаведнасьці з правам на самаабарону, гарантаваным артыкулам 51 статуту ААН. У выніку ўдару, паводле паведамленьня ведамства, было зьнішчана 89 цэляў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турэччына нанесла новыя авіяўдары па Сырыі і ІракуПрэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган 21 лістапада заявіў, што яшчэ ў 2019 годзе Расея абяцала «ачысьціць» поўнач Іраку і Сырыі ад тэрарыстаў, а таксама прыняць удзел у стварэньні 30-кілямэтровай зоны бясьпекі ў прыгранічных раёнах. Гэтага зроблена не было, таму Турэччына пачала ўласную паветраную апэрацыю і мае намер прадоўжыць абараняць свае тэрыторыі, «ачышчаючы» поўнач Сырыі.
Анкара ўскладае на курдзкую ўзброеную апазыцыю адказнасьць за тэрарыстычны акт 13 лістапада ў цэнтры Стамбулу, калі ў выніку выбуху загінулі 13 чалавек і пацярпелі больш за 80. Працоўная партыя Курдыстану і Сырыйскія дэмакратычныя сілы адмаўляюць сваё дачыненьне да выбуху.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турэцкія ўлады: Выбух у Стамбуле ўчыніла сьмяротніца. Шэсьць чалавек загінулі, больш за 80 пацярпелі