Вікарыя магілёўскай каталіцкай парафіі сьв. Антонія Падуанскага, віцэ-дэкана Магілёўскага дэканата ксяндза Віталя Чабатара асудзілі на 15 дзён адміністрацыйнага арышту, паведамляе сайт Кatolik.life.
Сьвятара затрымалі 17 лістапада. Імаверна, нагодай для арышту сталі яго публікацыі ў сацыяльных сетках.
41-гадовы айцец Віталь Чабатар належыць да ордэна клярэтынаў, служыць у Магілёве 15 гадоў.
На працягу лістапада адміністрацыйныя арышты былі таксама прысуджаныя пробашчу парафіі ў Берасьці, грэка-каталіцкаму сьвятару Ігару Кандрацьеву і рэдактару газэты грэка-каталікоў «Царква» Ігару Бараноўскаму. Бараноўскага судзілі нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Абодва ўжо выйшлі на волю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятара, які ў 2020-м адпраўляў службу па Раману Бандарэнку, асудзілі шосты раз запарЗатрыманы 31 жніўня клірык парафіі менскага храма Богаяўленьня ярэй Уладзіслаў Багамольнікаў да гэтага часу знаходзіцца пад вартай: яму прысудзілі шосты запар адміністрацыйны арышт.
Спачатку праваслаўнага сьвятара арыштавалі на 14 дзён, затым чатыры разы на 15 дзён, а потым зноў на 14.
42-гадовага Багамольнікава затрымалі пасьля ператрусу ў ягоным доме. Сутнасьць прэтэнзій, а таксама артыкулы КаАП, паводле якіх яго судзілі, невядомыя. Яго ўтрымліваюць у ізалятары на завулку Акрэсьціна ў Менску. Па дадзеных праваабаронцаў, там па-ранейшаму няма пасьцельнай бялізны, перадач з прадуктамі і чыстымі рэчамі не прымаюць, людзі ня маюць доступу да гігіенічных працэдур, пакутуюць ад пэдыкулёзу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уніяцкі сьвятар зь Берасьця выйшаў з ІЧУ — і адразу пайшоў праводзіць службу