МЗС Азэрбайджану назваў «правакацыйнымі» выказваньні міністра замежных спраў Армэніі Арарата Мірзаяна, зробленыя падчас міністэрскай сустрэчы напярэдадні саміту франкафоніі ў Тунісе, які пачаўся 19 лістапада. Баку таксама раскрытыкаваў, як ён назваў, «антыазэрбайджанскую пазыцыю членаў арганізацыі».
Зьвяртаючыся да праекту рэзалюцыі аб крызісных сытуацыях на франкамоўнай прасторы, Мірзаян сказаў, што краіны і ўрады франкафоніі «выказалі салідарнасьць з Армэніяй, зрабіўшы сваімі асноўныя пытаньні, якія вызначаюць мірнае ўрэгуляваньне паміж бакамі канфлікту» паміж Азэрбайджанам і Армэніяй аб Нагорным Карабаху.
Мірзаян падкрэсьліў, што пункты заявы адносна Армэніі, якая зьяўляецца паўнапраўным сябрам OIF з 2012 году, «вельмі ўзважаныя і ўяўляюць сабой вынік кампрамісаў, да якіх Армэнія прыклала вялікія намаганьні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Нагорнага Карабаху ўзначаліў расейскі мільярдэр, які нядаўна адмовіўся ад пашпарта РФАзэрбайджан, які не ўваходзіць у арганізацыю франкафоніі, заявіў, што лічыць, што канчатковая вэрсія дакумэнту зьмяшчае некаторыя элемэнты, якія «не ўваходзяць у юрысдыкцыю мандату арганізацыі». Баку заявіў, што Армэнія можа выкарыстоўваць гэтыя элемэнты «для правядзеньня палітычнай прапаганды».
МЗС Азэрбайджану таксама абвінаваціў Францыю ў выкарыстаньні «палітычнага ціску» ў працэсе ўзгадненьня тэксту дакумэнту.
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэзыдэнт Эўрапейскай рады Шарль Мішэль, прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо і лідэры іншых франкамоўных краін прымаюць удзел у саміце OIF з 54 членаў, які праходзіць на туніскім востраве Джэрба.
У сваім выступе на саміце прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян заявіў пра акупацыю армянскіх тэрыторый Азэрбайджанам, заявіўшы, што Баку парушае асноўныя прынцыпы Статуту ААН, у прыватнасьці прынцып непрымяненьня сілы супраць тэрытарыяльнай цэласнасьці любой дзяржавы. Пашыньян таксама пацьвердзіў прыхільнасьць Армэніі «ўнесьці свой уклад у працэс дасягненьня мірнай дамовы з Азэрбайджанам, а таксама забясьпечыць правы і бясьпеку армянскага насельніцтва Нагорнага Карабаху».
Афіцыйны Ерэван заяўляе, што ў цяперашні час Азэрбайджан акупуе дзясяткі квадратных кілямэтраў сувэрэннай тэрыторыі Армэніі, якую захапіў у выніку шэрагу ўварваньняў з траўня 2021 году. Баку адмаўляе гэта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ерэване раскрытыкавалі заявы Лукашэнкі пра канфлікт у Карабаху. У Менску параілі армянам «чытаць і перачытваць» ЛукашэнкуКанфлікт у Карабаху
- Тэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам вакол Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная пераважна этнічнымі армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла аб выхадзе з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 году абвясьціла аб стварэньні «Нагорна-Карабаскай рэспублікі» («Арцах» па-армянску).
- Падчас узброенага канфлікту 1988–1994 гадоў у рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек. Нагорны Карабах і некалькі прылеглых да яго раёнаў Азэрбайджану перайшлі пад фактычны кантроль узброеных сілаў Армэніі. У выніку сотні тысяч чалавек, пераважна этнічныя азэрбайджанцы, сталі ўцекачамі і вымушанымі перасяленцамі.
- «Нагорна-Карабаская рэспубліка» не была афіцыйна прызнаная ніводнай зь дзяржаваў ААН, у тым ліку самой Армэніяй. У 1993 годзе ААН прыняла чатыры рэзалюцыі з патрабаваньнямі вываду армянскіх войскаў з Карабаху і прызнаньнем тэрыторыі часткай Азэрбайджану.
- Пасьля чарговага абвастрэньня сытуацыі ў канцы верасьня 2020 году Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль раёны вакол Нагорнага Карабаху і ўзяў старажытны і сымбалічна істотны горад Шуша. Назаўтра пасьля ўзяцьця Шушы прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісалі мірнае пагадненьне аб спыненьні вайны ў рэгіёне.
- Паводле дамовы за Армэніяй і Азэрбайджанам замацаваныя тэрыторыі, на якіх знаходзіліся войскі на момант падпісаньня дакумэнту. Уздоўж лініі дотыку разьмешчана міратворчая місія Расеі, якая на ліпень 2021 году складае каля 2 тысяч чалавек.
- Нягледзячы на мірнае пагадненьне 2020 году, паміж войскамі дзьвюх краін пэрыядычна ўзьнікаюць перастрэлкі, якія прыводзяць да ўзяцьця ў палон, раненьняў і гібелі.