Twitter разблякаваў старонку Дональда Трампа

Twitter

Былога прэзыдэнта ЗША бестэрмінова заблякавалі ў сацыяльнай сетцы ў студзені 2021 году за прасоўваньне «тэорыі змовы».

Акрамя таго, Дональду Трампу закідалі допісы на тэму антываксэрства. Таксама тады пад забаронай апынуліся твітэры, якімі валодалі былы дарадца Трампа Майкл Флін і адвакат Трампа Сідні Паўэл.

Пасьля таго як Twitter Inc. купіў Ілан Маск, пайшлі размовы аб тым, што Трампу могуць вярнуць ягоную заблякаваную старонку. Маск зладзіў апытаньне, у якім узялі ўдзел 15 мільёнаў 85 тысяч карыстальнікаў. 51,8% зь іх выказаліся за тое, каб разблякаваць экс-прэзыдэнта ЗША, які плянуе балятавацца на гэтую пасаду на наступных выбарах.

«Людзі выказаліся. Трамп будзе адноўлены. Голас народа, голас Бога», — так Маск пракамэнтаваў вынік галасаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ілан Маск афіцыйна ўзначаліў Twitter, купіўшы кампанію за $44 млрд
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп абвясьціў аб вылучэньні сваёй кандыдатуры ў прэзыдэнты ЗША, але ў яго ёсьць супернікі на намінацыю ад рэспубліканцаў