Колькасьць зьняволеных у расейскіх папраўчых калёніях за верасень і кастрычнік гэтага году скарацілася на рэкордныя 23 тысячы чалавек, піша «Медыязона» са спасылкай на дадзеныя Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў (ФСВП).
Гэта адбываецца на фоне вэрбаваньня зьняволеных для ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне.
Улетку пачалі зьяўляцца зьвесткі пра тое, што зьняволеных вэрбуе расейскае неафіцыйнае падразьдзяленьне «ЧВК Вагнера» бізнэсоўца Яўгена Прыгожына. Ён асабіста наведваў калёніі ў розных абласьцях Расеі. Зь верасьня гэтым займалася і расейскае Міністэрства абароны.
Асуджаным абяцаюць памілаваньне і грашовыя выплаты. Спачатку асуджаных адпраўлялі на фронт добраахвотна, але пазьней пачалі зьяўляцца паведамленьні, што цяпер іх туды адпраўляюць прымусова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як «вагнэраўцы» выйшлі зь ценю, а іх лідэр Прыгожын стаў уплывовым у КрамліПаводле дадзеных ФСВП, на пачатак жніўня ў папраўчых калёніях утрымлівалася амаль 349 тысяч чалавек. Да верасьня, паводле шматгадовага трэнду, іх стала на тысячу менш. Аднак да пачатку лістапада засталося 325 тысяч зьняволеных.
Сумарна за два месяцы з калёніяў зьнікла больш за 23 тысячы зьняволеных. Нават падчас масавай амністыі не было такога рэзкага скарачэньня асуджаных у калёніях, адзначае «Медыязона».
Пры гэтым колькасьць тых, хто знаходзіцца ў сьледчых ізалятарах або калёніях-пасяленьнях, а таксама колькасьць асуджаных жанчын практычна не зьмянілася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усякае бывае» — кіраўнік савету па правах чалавека пры Пуціну пра забойства кувалдайКіраўніца фонду «Русь Сидящая» Вольга Раманава раней казала, што для ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне завэрбаваныя больш за 20 тысяч зьняволеных. Па сьцьвярджэньні выданьня The Insider, да пачатку лістапада на вайне ва Ўкраіне загінулі больш за 500 расейскіх зьняволеных, завэрбаваных «ЧВК Вагнера».
«ЧВК Вагнера» ня значыцца на балянсе вайсковых ведамстваў і ў рэестры юрыдычных асобаў, аднак яе байцы, паводле зьвестак шматлікіх журналісцкіх расьсьледаваньняў, бяруць удзел у наземных апэрацыях РФ у Сырыі і ў вайне ва Ўкраіне. «ЧВК Вагнера» лічыцца адным з найбольш баяздольных падразьдзяленьняў, якія ўдзельнічаюць у баях на ўкраінскіх тэрыторыях. Байцоў кампаніі падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.