Беларускі актывіст Пятро Маркелаў, які вучыцца ў Чэхіі, правёў акцыю пратэсту ў мэблевай краме швэдзкага канцэрну IKEA ў Празе.
Ён абгарадзіў мэблю стужкай, якую выкарыстоўваюць для дарожных работаў, пасек дзьве тумбачкі сякерай, абліў іх фарбай і праз рупар па-ангельску абвясьціў, што робіць гэта, каб пратэставаць супраць супрацоўніцтва IKEA з уладамі Беларусі. Маркелава затрымала паліцыя.
Як паведаміў беларускі студэнт, які здымаў акцыю, Маркелаў адмыслова выбраў момант, калі ў залі не было дзяцей, і пасьля спакойна чакаў прыезду паліцыі. Паводле сьведкі, тумбачкі, якія пасек Маркелаў, былі зробленыя ў Беларусі.
Напярэдадні нямецкая газэта Die Tageszeitung сумесна з францускім выданьнем Disclose падрыхтавалі расьсьледаваньне пра дзейнасьць IKEA ў Беларусі. У ім гаворыцца, што канцэрн актыўна супрацоўнічаў зь беларускімі пастаўнікамі, якія выкарыстоўвалі працу зьняволеных, у тым ліку палітвязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкая і француская газэты апублікавалі расьсьледаваньне аб супрацоўніцтве IKEA зь беларускімі калёніяміУ траўні 2020 году Пятра Маркелава, які быў актывістам «Моладзевага блёку», у Менску пакаралі 10 суткамі арышту. Маркелава затрымалі ў судзе, дзе ён чакаў выракаў паплечнікам. Першапачаткова сьцьвярджалася, што яго нібыта затрымлівалі з прычыны падабенства да злачынцы, які ў вышуку; затым — што за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.
У 2021 годзе Маркелава, які ў той час жыў ва Ўкраіне, на кароткі час затрымлівалі каля амбасады Беларусі. Ён хацеў правесьці пэрформанс: спрабаваў перакінуць за агароджу амбасады некалькі мяхоў гною.
У часе затрыманьня Пятро Маркелаў пракрычаў, што гэтай акцыяй хацеў зьвярнуць увагу да падзей у Беларусі і да факту сьмерці ў турме палітвязьня Вітольда Ашурка.