«Паход у сэканды — як прыгода»
«Я, напэўна, не звычайны спажывец. Я апранаюся ў сэкандах і на „Куфры“», — кажа суразмоўца Свабоды, жанчына сярэдніх гадоў Надзея* (імёны герояў зьмененыя дзеля іхнай бясьпекі. — РС).
Праўда, яна якраз хутчэй «звычайны спажывец», бо крамы ўжыванага адзеньня дагэтуль карыстаюцца ў Беларусі вялікім попытам, на «прывоз» яны перапоўненыя, сьведчаць іншыя суразмоўцы.
Надзея ходзіць у сэканды рэгулярна разам з мужам, нават калі нічога канкрэтнага набываць не плянуе. Гэта пачалося даўно, яшчэ да поўнамаштабнага ўварваньня Расеі. Пасьля 24 лютага ў гэтым пляне асабліва нічога не зьмянілася.
«Гэта як прыгода — знайсьці што-небудзь цікавае, раскапаць артэфакт», — тлумачыць яна.
Каб прагледзець адну краму, жанчыне хапае паўгадзіны. Яна заходзіць у розныя.
У крамах ужыванага адзеньня Надзеі падабаецца якасьць заходніх брэндаў. У складзе тканіны часьцей будуць натуральныя матэрыялы: бавоўна, воўна, дый выглядаюць сэкандаўскія рэчы сучасна і модна.
«Зараз малому патрэбныя рукавічкі. Я буду шукаць у сэкандзе. Там можна знайсьці нешта, вырабленае паводле высокіх тэхналёгій, непрадзьмуванае, водаўстойлівае», — заўважае Надзея.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня толькі «бязь вілы ў Маямі і фуа-гра». Новая «жалезная заслона» аўтарства Пуціна і Лукашэнкі будзе зусім іншай, чым папярэдняяПінжак Calvin Klein — за 1,5 рубля, кашаміравае паліто — за 30 рублёў
Яшчэ адзін плюс — цэны. У дзень «прывозу» яны ніжэйшыя, чым на новыя рэчы, але ўсё адно лічацца высокімі. Бо ў іншы дзень з 90% зьніжкай можна прыдбаць добрую рэч за 1,5 рубля.
Суразмоўца прыводзіць цэны бязь зьніжак. Вопратка (паліто, куртка) каштуе 50–60 рублёў, штаны і швэдры — да 30 рублёў, футболкі — да 20 рублёў, дзіцячыя курткі — 30–40 рублёў, дзіцячыя штаны і швэдры — да 20 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Belarus Fashion Week скасавалі за дзень да адкрыцьця. Раней прапагандысты заклікалі «ўдарыць па модзе»«Аднолькавая цана можа быць на рэч і якасьці супэр-люкс, і з масмаркету, умоўна, і на швэдар з акрылу, і з альпакі», — зьвяртае ўвагу беларуска.
Часам яна набывае рэчы большага памеру, калі дакладнага няма, і перашывае. Неяк набыла штаны за 5 рублёў, за перашыў аддала 18 рублёў, але і так выйшла таньней і якасьней, чым, прыкладам, была б рэч з рынку.
Сваімі найлепшымі знаходкамі ў сэкандзе Надзея лічыць мужчынскі пінжак Calvin Klein за 1,5 рубля і куртку з натуральным пухам Uniqlo за 6 рублёў (першапачаткова ў сэкандзе яна каштавала 60 рублёў). Ейны муж знайшоў кашаміравае паліто за 30 рублёў.
«Я заўважыла, што людзі зь бюджэтных арганізацый, настаўнікі, выхавацелі дзіцячых садочкаў сэканд для сябе не адкрылі, яны яго не прызнаюць. Да сэканда трэба дарасьці маральна», — усьміхаецца Надзея.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: H&M сыходзіць зь Беларусі. Крамы адкрыюць ненадоўга для продажу рэшткаў«На „Куфры“ дзіцяці можна купіць фінскую куртку не за 100 даляраў, а за 40 рублёў»
Яшчэ адно месца, дзе купляе рэчы Надзея, — пляцоўка Kufar, там яна шукае адзеньне перадусім для сына-школьніка. Камплект са штаноў, кашулі і пінжака перад пачаткам навучальнага году набыла за 60 рублёў.
«На „Куфры“ для дзіцяці можна купіць якасную фінскую куртку не за 100 даляраў, а за 40 рублёў. У Беларусі засталіся крамы спартовага заходняга адзеньня Columbia, My Sport, але мы туды ходзім проста паглядзець рэчы», — прызнаецца суразмоўца.
Куртка і абутак для дзіцяці ў гэтых крамах каштуюць, як і для дарослых, па 200–400 рублёў.
Па адчуваньні Надзеі, цэны на дарагое адзеньне засталіся прыкладна такія самыя, як і да 24 лютага.
Крамы таннага адзеньня з Узбэкістану і Туркмэністану, якія раней займалі вялікія плошчы на рынку, закрыліся яшчэ ўвесну.
Некаторыя рэчы Надзя набывае ў беларускіх дызайнэраў — у падарунак або «каб сябе парадаваць». Цэны на такія рэчы досыць высокія, прыкладам, дэмісэзонная кашулька з доўгім рукавом і мінімальнай вышыўкай каштавала 85 рублёў.
«Шкарпэткі я набываю ў Mark Formelle (беларуская фірма недарагога трыкатажнага адзеньня), панчохі — у Conte. Ніжнюю бялізну апошні раз набывала ў H&M у Вільні», — дзеліцца беларуска.
Яна прызнаецца, што сыход крамы H&M зь беларускага рынку яе засмуціў, бо там можна было набыць ня вельмі дарагія цікавыя рэчы.
«Але ў гандлёвых цэнтрах засталіся недарагія крамы De Facto, LC Waikiki, Sisters, Reserved», — працягвае яна.
Паводле ейных назіраньняў, мала хто езьдзіць адзявацца за мяжу, толькі калі спалучаюць шопінг зь іншымі справамі.
«У Літве адзявацца нявыгадна. У Польшчы — мяжа займае амаль суткі ў адзін бок, што адбівае ўсялякую ахвоту. Трэба тры дні закладаць на паездку. Да таго ж візы цяпер дэфіцыт», — падсумоўвае яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі ў адных майтках і шкарпэтках месяцамі сядзяць», — зьявіліся новыя сьведчаньні пра ўмовы ў турме на Акрэсьціна«Я думаю, 90% людзей цяпер набывае адзеньне ў інтэрнэце»
Яшчэ адзін суразмоўца сярэдняга веку Міхал мяркуе, што пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня асаблівых зьменаў у сфэры адзеньня не адбылося.
«Танны сэгмэнт у парадку. Праблем няма. Хоць тавару становіцца меней. Вельмі шмат адзеньня сталі вазіць з Кітаю», — камэнтуе ён.
Міхал шукае адзеньне ў інтэрнэт-крамах і праз Instagram.
«Я думаю, 90% людзей цяпер набывае адзеньне ў інтэрнэце, у тым ліку праз расейскія Wildberries, Ozon. Набываюць у іх, бо там таньней. Але нечага не хапае. Для мужыкоў — смутак, не хапае якаснага моднага адзеньня, але так было заўсёды. У крамах для дзяўчат больш стыльнага, добрага, брэндавага», — мяркуе ён.
Ён таксама заўважыў, што цэны пасьля 24 лютага вырасьлі, але калі Лукашэнка забараніў ім расьці, яны ўпалі. Праўда, праз гэта закрываюцца некаторыя крамы на рынку, у гандлёвых цэнтрах, бо працаваць так становіцца нявыгадна.
«Я сабе куртку пляную паглядзець у Польшчы», — кажа Міхал.
У Беларусі добрыя боты і куртка, якія яму падабаюцца, каштуюць каля 100 даляраў.
«У польскіх крамах у Беларусі можна набыць добрыя рэчы па сярэдніх цэнах. Прыкладам, спартовы вулічны гарнітур можна знайсьці за 50 рублёў. Брэндаў хапае. Сышоў толькі H&M», — кажа ён.
Міхал заўважае, што некаторыя могуць дазволіць сабе адзявацца і ў беларускіх дызайнэраў, якіх у Беларусі цяпер дастаткова, хоць некаторыя зь іх, больш вядомыя, і зьехалі за мяжу. Дызайнэрскі спартовы гарнітур можа каштаваць 220 рублёў.
«Але людзі выжываюць, ніхто з дызайнэраў не зарабляе мільёны, хапае толькі каб паесьці», — мяркуе ён.
Некалькі суразмоўцаў расказалі, што апошнім часам увогуле нічога не набываюць і даношваюць старыя рэчы, у тым ліку таму, што няма настрою цяпер хадзіць на шопінг праз сытуацыю ў краіне з палітвязьнямі. Часам могуць набыць сабе нешта сьвяточнае або прыняць адзеньне ў падарунак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі зацьвердзіў новую сыстэму рэгуляваньня цэнаў, у ёй 370 таварных пазыцый і яшчэ больш кантролю