Палітзьняволеную зь Мёраў Эму Сьцепулёнак, былую настаўніцу беларускай мовы і літаратуры, абвінавацілі ў абразах Лукашэнкі і іншага прадстаўніка ўлады. Яе затрымалі 29 верасьня 2021 году за камэнтар у сацсетках па «справе Зельцара».
Пэнсіянэрку ўтрымлівалі за кратамі амаль год, але ў сярэдзіне верасьня жанчыне зьмянілі меру стрыманьня і перавялі на хатні арышт.
Справу Эмы Сьцепулёнак пачалі разглядаць 10 лістапада ў судзе Мёрскага раёну. Раней, праз дрэннае самаадчуваньне, на адным з судовых паседжаньняў ёй выклікалі «хуткую».
Сёньня Эму Сьцепулёнак абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і пакаралі 2 гадамі калёніі, паведамляе «Вясна».
Вядома, што палітзьняволеная мае праблемы са здароўем. 10 лістапада ёй выклікалі хуткую дапамогу на суд, паведамлялі праваабаронцы. 69-гадовай жанчыне стала дрэнна падчас паседжаньня — у яе падняўся ціск.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся закрыты суд над палітьзняволенай былой настаўніцай беларускай мовы. Заўтра ёй споўніцца 69 гадоў