— Сяргей, якія першыя адчуваньні? Ці было гэта чакана?
— Я не чакаў. Усё ж кніжка спэцыфічная, гістарычная. Канечне, фантастычная прамова Сьвятланы Курс мяне выбіла з каляіны. Яна згадала бабулю, і я дагэтуль расчулены, не магу прыйсьці ў сябе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэмію Ежы Гедройця ўручылі Сяргею Абламейку за кнігу зь «Бібліятэкі Свабоды»— Як бы ты коратка расказаў тым, хто не чытаў і нічога ня чуў пра тваю кнігу, пра што яна? Мы з табой калегі, і я ведаю, што ты вельмі доўга працаваў над гэтай кнігай. Але раскажы для гледачоў і слухачоў, як доўга?
— Гэта гістарычная кніжка. Яна ня мае формы клясычнай пазытывісцкай манаграфіі, дзе даты-падзеі, даты-падзеі. Яна мае шмат літаратурнага, і тым ня менш гэта гістарычная манаграфія. Я пачаў яе пісаць у 2006 годзе, пасьля таго як у канцы 2004 году я напісаў эсэ «Каханы горад» пра Менск, пра стары Менск, пра яго разбурэньне ў часы вайны і пасьля вайны. Рыгор Барадулін, будучы ў Празе, параіў мне выдаць эсэ брашурай (яно з працягам у «Нашай ніве» друкавалася ў пачатку 2005 году). І я задумаў, што трэба неяк праілюстраваць гэтую брашуру.
Пачаў займацца больш падрабязна, і ў выніку вырашыў напісаць кніжку. Сёньня цяжка сказаць, колькі гадоў дакладна над ёй працаваў. Канечне, больш за дзесяць, можа больш за дванаццаць. Пасьля яна трошачку ляжала, але ў выніку так аказалася, што яна выйшла ў 2021 годзе. Такім чынам, ад 2006 прайшло 15 гадоў. Выйшаў, напэўна, пяты ці шосты варыянт, два тамы налічваюць больш за тысячу старонак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усе кнігі Бібліятэкі Свабоды— Выступаючы на цырымоніі, ты сказаў нечаканую думку пра мару твайго жыцьця — адрадзіць стары горад у Менску і іншых гарадах Беларусі, і троху нечакана для мяне заявіў, што цяпер беларуская культура дыхае толькі адным лёгкім, бо другое ў яе выразана. Што гэта значыць?
— Я толькі што гаварыў з паслом Польшчы ў Беларусі Адамам Міхальскім. Ён сказаў, што цалкам падтрымлівае, што слушная ідэя, і паказаў рукой у кірунку Старога мяста Варшавы. Яно адноўленае пасьля вайны цалкам. Стары горад Варшавы. Ён сказаў: «Не было б яго, у Варшавы не было б душы». І гэта праўда.
Гэта матэрыяльны, цывілізацыйны кантэкст нашай культуры. Гэтыя старыя камяні сьведчаць пра нашу цывілізацыйную прыналежнасьць. І таму іх так зьнішчалі стагодзьдзямі. Большасьць зьнішчана. Мы амаль жабракі ў гэтым пляне. У нас вельмі шмат чаго зьнішчана. Гарадзкая архітэктура амаль цалкам зьнішчана, цяжка падлічыць працэнты. І таму я ўжыў такую мэтафару, што мы дыхаем на адно лёгкае.
А другое лёгкае — гэты матэрыяльны кантэкст цывілізацыйнай, эўрапейскай прыналежнасьці Беларусі. Ён страчаны. Гэта проста вельмі важна для нашага народу. І пісьменьнікі, і журналісты, і публіцысты, і гісторыкі, усе маюць адну мэту — прасоўваць, каб наш народ ішоў наперад, каб наша краіна ня зьнікла, каб яна існавала. І гэта адна з самых важных мэтаў. А для мяне гэта, магчыма, мара ўсяго майго жыцьця — яшчэ як-небудзь убачыць адроджаны Нізкі рынак і Замчышча.
Кнігу ў фармаце PDF можна спампаваць па спасылках ніжэй: