Але насамрэч усе разумеюць, што гэта крывадушнасьць: крызіс робіцца відавочным для ўсіх.
Прыпыненьне сяброўства Беларусі ў Міжнародным паралімпійскім камітэце (МПК) — чарговы балючы ўдар па беларускім спорце, які расплочваецца за памылкі палітычнага кіраўніцтва Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны паралімпійскі камітэт прыпыніў удзел Беларусі ў арганізацыіУ дзяцінстве сярод іншых кніг на маёй паліцы стаяў даведнік у зялёнай вокладцы, выпушчаны ў Маскве пад назвай «Все матчи сборной СССР по футболу». Выдалі яго ў канцы 80-х, таму друкаваць новы «са зьменамі і дапаўненьнямі» ўжо амаль не было патрэбы. Гартаючы і чытаючы кнігу, па звычцы, ад пачатку да канца, я ня мог даўмецца: чаму ўсе 20-30-я гг. ХХ ст. савецкая зборная гуляла амаль выключна супраць Турэччыны?
Савецкія футбалісты сустракаліся з турэцкай нацыянальнай зборнай і зборнай «народных дамоў», пэўнага аналягу галоўнай пралетарскай каманды. Толькі празь некалькі гадоў мне стала зразумелай прычына: савецкі спорт проста не прызнавалі на палітычным узроўні — як і бальшавіцкі рэжым у СССР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь плянуе абскардзіць рашэньне Міжнароднага Паралімпійскага камітэту ў нямецкім судзеДайшла чарга і да паралімпійцаў
Хто мог падумаць, што мы дажывем да моманту, калі ў сытуацыі «частковага прызнаньня» апынецца спорт незалежнай Беларусі? Яшчэ месяц таму ніякай сур’ёзнай рэакцыі не сустрэла навіна пра нядопуск беларускіх валейбольных зборных да кваліфікацыйных турніраў Алімпіяды-2024 у Парыжы. 16 лістапада прыйшла чарговая «чорная метка» — прыпыненьне сяброўства Беларусі ў Міжнародным паралімпійскім камітэце (МПК). Праўда, 45 краін выказаліся супраць такіх захадаў для Беларусі, але 54 — «за».
Прэс-служба МПК паведаміла, што многія нацыянальныя камітэты, каманды і спартоўцы адмаўляліся спаборнічаць з расейцамі і беларусамі. Відавочна, з прычыны вайны, пачатай пуцінскім рэжымам і падтрыманай лукашэнкаўскім. Спаборніцтвы пад пагрозу вырашылі ня ставіць і правялі галасаваньне, вынікам якога стала прыпыненьне сяброўства дзьвюх краін у арганізацыі.
Цалкам магчымым наступным крокам стануць больш строгія меры ад Міжнароднага алімпійскага камітэту, хоць ужо і раней прэзыдэнт МАК Томас Бах казаў, што абмежаваньні мусяць застацца, бо вайна працягваецца. Не забудзем, што 28 лютага МАК рэкамэндаваў спартовым фэдэрацыям не дапускаць расейскіх і беларускіх атлетаў і функцыянэраў да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах, а таксама не праводзіць свае спаборніцтвы на тэрыторыях гэтых дзьвюх краін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАК апублікаваў відэа пра найвялікшых гімнастак сьвету, не ўключыўшы туды 4-разовую алімпійскую чэмпіёнку беларуску КорбутСпартоўцы на службе рэжыму
Адзін з самых вядомых паралімпійцаў Беларусі — Аляксей Талай, постаць у апошнія гады больш палітычная, чым спартовая. Гэта ён езьдзіць на акупаваныя расейцамі тэрыторыі Ўкраіны, сустракаецца зь мясцовымі калябарантамі, а затым расказвае беларускім школьнікам на сустрэчах пра вайну і гераізм.
Сярод галасоў НАК, калі не лічыць прызначанага яго кіраўніком старэйшага сына Лукашэнкі Віктара, таксама ёсьць асобы, актыўна ўключаныя ў палітычнае паляваньне на вядзьмарак. Скакуха ў даўжыню Анастасія Мірончык-Іванова, напрыклад, нядаўна спрагназавала сваю, альтэрнатыўную Алімпіяду, заявіўшы, што трэба «аб’ядноўвацца краінамі і даць сваю альтэрнатыву міжнароднай лёгкай атлетыцы. Аб’яднаць краіны СНД, Кітай, Арабскія Эміраты». Толькі Мірончык-Іванова, відаць, забыла, што ААЭ і Кітай ад міжнародных стартаў не адхіляў ніхто, а вось Беларусь у «прычэпе» да Расеі рэальным чынам рызыкуе не паехаць на Алімпіяду-2024. Гэта — прапушчаны 4-гадовы цыкль, для кароткага веку спартоўца — трагедыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускіх і расейскіх баксэраў-прафэсіяналаў выключылі з рэйтынгаў праз вайну ва ЎкраінеСкакун у вышыню Максім Недасекаў меў бы ў Парыжы шанцы на высокае месца — ён раней дэманстраваў свой талент высокімі паказьнікамі. Але рызыка ня трапіць у Францыю яго, відаць, ня надта турбуе, і нядаўна атлет зноў яскрава выступіў за ўладу, сказаўшы, што спартоўцы разам зь ім «пойдуць з вайскоўцамі, нават калі нешта будзе адбывацца». Што канкрэтна меў на ўвазе Недасекаў, так і засталося загадкай, але чырвона-зялёнаму курсу ён застаўся верным.
Мо спартовец лічыць мабілізацыю ў войска і расейскую вайну супраць Украіны выбарам, цікавейшым за Парыж, дзе ён мог бы выступаць на запоўненым стадыёне? Ягоныя словы можна патлумачыць і так.
Футбольных клюбаў Беларусі пакуль ня выключылі зь міжнародных турніраў, затое сёлета яны хутка выбылі адтуль самі. Зборная краіны калекцыянуе паразы, а ў міжнароднай паўзе сустракацца зь ёю захацелі толькі Сырыя і Аман. Што яны для беларусаў, што беларусы для іх — малацікавыя.
Хакейная зборная не згуляе ў чэмпіянаце сьвету ў траўні 2023-га, калі толькі раптам рэзка ня зьменіцца палітычнае становішча. Тэнісістка Арына Сабаленка за сваю пралукашэнкаўскую пазыцыю і ігнараваньне вайны ўжо ня раз атрымлівала адмовы суперніц паціснуць ёй руку.
Слаўная баскетбалістка Алена Леўчанка пры цяперашнім стане рэчаў мае радавацца, што за мяжой і на волі: цяперашняе кіраўніцтва фэдэрацыі баскетболу магло б зарганізаваць ёй разьвітальны матч хіба ў прагулачным дворыку на Акрэсьціна, дзе зорка айчыннага баскетболу ўжо бывала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Славутая баскетбалістка Алена Леўчанка, якая пасьля арышту за ўдзел у пратэстах вымушана пакінула Беларусь, завяршыла кар’еруПаводле прынцыпу пятлі
Пакуль туманнымі застаюцца пэрспэктывы міжнародных стартаў для тых беларусаў, якія асудзілі вайну і выступілі за Ўкраіну. Паездка дэлегацыі «свабодных спартоўцаў» у ЗША дагэтуль ня мае відавочнага для грамадзтва плёну і не дае адказу на пастаўленае пытаньне. Варыянт, называны раней, — выступленьне пад нэўтральным сьцягам — ніхто на афіцыйным узроўні яшчэ не агучыў, канкрэтыкі няма. Грамадзянства іншых краін атрымаць ня так лёгка, а шмат хто з спартоўцаў ня будзе і спрабаваць.
Ізаляцыя беларускага спорту адбываецца паводле прынцыпу пятлі, якая надалей зацягваецца на шыі. Толькі крыкаў знутры не чуваць — нехта з спартоўцаў, ня выключана, рыхтуе дакумэнты для выезду за мяжу, а нехта, як Мірончык-Іванова, адважна кажучы пра яднаньне адрынутых, насамрэч рыхтуецца прымірыцца з новымі рэаліямі.
Матчы зборнай СССР зь іншымі камандамі, як сьведчыў мой зялёны даведнік, пачаліся толькі ў сярэдзіне 50-х. Тады Савецкі Саюз быў ужо пераможцам у 2-й Сусьветнай вайне і паціху выбіраўся зь міжнароднай ізаляцыі. І ўжо ў 1956-м на Алімпіядзе ў Мэльбурне савецкія спартоўцы добра паказалі сябе ў некалькіх відах. Для беларускага спорту, аслабленага палітычнымі падзеламі і незайздросным станам эканомікі, будучы выхад зь міжнароднай ізаляцыі можа расьцягнуцца на гады і дзесяцігодзьдзі. Нават фрыстайлу, які здабываў мэдалі на кожнай Алімпіядзе, а потым стаўся разрабаваным уладаю, давядзецца пачынаць фактычна з нуля.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад гімназій і школ да стадыёнаў і баз алімпійскай падрыхтоўкі. Ва Ўкраіне расейцы пашкодзілі звыш 110 спартовых аб’ектаў