Загарода, устаноўленая на ўкраінскай тэрыторыі, складаецца з бэтонных плітаў. Плот не суцэльны — у некаторых месцах адсутнічаюць па 2-3 пліты. Акрамя таго, уздоўж жалезабэтоннага плота ўкраінскі бок расставіў назіральныя вышкі, паведаміў Памежны камітэт Беларусі.
«Украінскія вайскоўцы, якія знаходзяцца на назіральных вышках, наўмысна ствараюць напружаную абстаноўку, цэлячыся са зброі ў людзей, якія знаходзяцца на беларускай тэрыторыі», — паскардзіліся ў Памежным камітэце.
У канцы кастрычніка кіраўнік Памежнага камітэту Беларусі Анатоль Лапо казаў, што ўкраінцы набілі саломы ў расейскую форму і дэманстратыўна павесілі на мяжы як пудзіла. Ён казаў, што групы памежнікаў зь беларускага боку ўмацаваныя, у тым ліку і зброяй. Туды перакінутыя рэзэрвы.
Украіна ўвяла супраць Лапо пэрсанальныя санкцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік памежнага камітэту Беларусі: Украінцы набілі саломы ў расейскую форму і дэманстратыўна павесілі на мяжы як пудзілаТаксама беларускія памежнікі на дзяржаўных тэлеканалах казалі, што ўкраінскія памежнікі вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг на мяжы каля Маларыцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Нацыянальны сьцяг нават трапіў у трансьляцыю дзяржаўнага тэлеканалу, аднак быў «заблюраны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія памежнікі вывесілі на пунктах пропуску на мяжы зь Беларусьсю бел-чырвона-белыя сьцягі