Расея зноў атакавала гарады Ўкраіны. У Кіеве заявілі пра 5 дронаў, якія вылецелі з тэрыторыі Беларусі

Наступствы расейскага абстрэлу Ўкраіны. Лістапад 2022 г.

17 лістапада а 8-й раніцы на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны зноў абвясьцілі паветраную трывогу. Расея зноў атакуе Ўкраіну дронамі і ракетамі, запушчанымі з паветра і мора.

Сьпікер камандаваньня Паветраных сілаў Украіны Юры Ігнат паведаміў, што 17 лістапада Расея выпусьціла 18 крылатых ракет па ўкраінскіх гарадах, зь іх толькі чатыры змаглі зьбіць сродкі супрацьпаветранай абароны. Паводле яго, украінскім войскам сёньня ўдалося зьбіць усе 5 дронаў, якімі Расея спрабавала атакаваць Украіну з тэрыторыі Беларусі. Ракеты тыпу Х-101/Х-555 былі выпушчаныя ў раёне Валгадонску растоўскай вобласьці з баявых самалётаў Ту-95мс і акваторыі Чорнага мора.

Пра выбухі паведамілі ўлады Адэскай вобласьці. У горадзе Дніпры некалькі ракет пацэлілі ў два інфраструктурныя аб’екты.

23 грамадзяніна, 15 зь іх знаходзяцца ў шпіталі.

У выніку расейскіх удараў па Дніпры пацярпелі 23 грамадзяніна, 15 зь іх знаходзяцца ў шпіталі. Пра гэта паведаміў мэр гораду Барыс Філатаў. Сярод пацярпелых у тым ліку 15-гадовая дзяўчына.

У Дніпры адна з ракет пацэліла ў офіс партыі Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць», які апошнім дзейнічаў як цэнтар гумантарнай дапамогі.

Кіраўнік ураду Дзяніс Шмыгаль паведаміў, што ў Дніпры ад абстрэлаў пацярпелі аб’екты газаздабычы і найбуйнейшае прамысловае прадпрыемства «Південмаш», якое вырабляе ракетна-касьмічную тэхніку і тэхналёгіі абароннага і навуковага прызначэньня.

Наступствы расейскага абстрэлу Львоўскай вобласьці. 16 лістапада 2022

Пазьней кіраўнік праўленьня Нацыянальнай акцыянэрнай кампаніі «Нафтогаз України» Аляксей Чарнышоў удакладніў, што расейцы масавана абстралялі інфраструктуру акцыянэрнага таварыства «Укргазвидобування».

«Пакуль вядома аб некалькіх зруйнаваных аб’ектах, іншыя атрымалі пашкоджаньні рознай ступені. Спэцыялісты „Укргазвидобування“ апэратыўна прыбылі на пашкоджаныя аб’екты, і цяпер ацэньваюць наступствы і маштабы атакі. Таксама ўдакладняецца інфармацыя аб пацярпелых», — паведаміў Аляксей Чарнышоў.

Падразьдзяленьні Дзяржаўнай службы Ўкраіны ў надзвычайных сытуацыях ужо зьліквідавалі пажар, які ахапіў аб’екты пасьля расейскага абстрэлу.

Над Кіевам, паводле Кіеўскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі, сыстэмы супрацьпаветранай абароны зьбілі 4 крылатыя ракеты і 5 дронаў.

Як паведамілі ў офісе генэральнага пракурора Ўкраіны, з пачатку вайсковага ўварваньня Расея ўчыніла 126 атак на энэргетычную сыстэму Ўкраіны. 92 зь іх адбыліся ў кастрычніку і лістападзе.

У Адэсе, як паведаміла апэратыўнае камандаваньне «Поўдзень», ад абстрэлу пацярпеў лягістычны цэнтар, адзін грамадзянін атрымаў раненьні. Ад выбуховай хвалі пашкоджаныя бліжэйшыя прадпрыемствы.

У Расеі расказалі аб аб’ектах абстрэлу ва Ўкраіне

Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што 17 лістапада ў Паўлаградзе Днепрапятроўскай вобласьці сваёй ракетай «зьнішчылі цэхі абароннага прадпрыемства па вытворчасьці паліва і ракетных рухавікоў для Ўзброеных сіл Украіны».

Адначасова, паводле расейскага боку, у выніку сваёй атакі на Запарожжа зьнішчылі цэхі навукова-вытворчага комплексу «Іскра», які вырабляў кампанэнты для рамонту радыёлякацыйных станцый і рэактыўных сыстэм залпавага агню.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна змагаецца з наступствамі самых маштабных ракетных абстрэлаў: больш як 96 ракет на 15 рэгіёнаў. ФОТА

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.