Скончылася сьледзтва ў «справе Tut.by». Журналістаў вінавацяць у нясплаце падаткаў і паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў

Марына Золатава, Людміла Чэкіна, «справа Tut.by»

Сьледчы камітэт скончыў расьсьледаваньне «справы Tut.by» і рыхтуе яго перадачу ў суд. Сьледзтва цягнулася з траўня мінулага году.

Абвінавачаныя журналісты азнаёміліся з матэрыяламі крымінальнай справы супраць іх. Неўзабаве справу перададуць у пракуратуру для накіраваньня ў суд. Пра гэта ў інтэрвію БелТА паведаміў намесьнік старшыні СК Алег Шандаровіч.

Паводле яго, асноўнае абвінавачаньне зьвязана зь нявыплатай падаткаў, некаторым таксама выставілі так званыя «экстрэмісцкія» артыкулы.

«Частка абвінавачаных сапраўды праходзіць паводле „экстрэмісцкіх“ артыкулах, але гэтая справа пачыналася з абвінавачаньня ў нявыплаце падаткаў, і менавіта гэты артыкул асноўны», — сказаў Шандаровіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня плачу ад гора ці злосьці, а ад радасьці ці замілаваньня магу». Вытрымкі зь лістоў Марыны Золатавай. Сёньня ёй 45 гадоў

Ён дадаў, што абвінавачаныя заявілі хадайніцтвы аб памілаваньні, кампэнсаваўшы шкоду ў поўным аб’ёме, і ўнесьлі крымінальна-праўную кампэнсацыю.

«Большасьць абвінавачаных супрацоўнічала са сьледзтвам, таму ім зьмянілі меру стрыманьня. Цяпер пад вартай знаходзяцца толькі двое фігурантаў», — сказаў прадстаўнік СК.

На гэты момант пад вартай застаюцца галоўны рэдактар Марыя Золатава і генэральны дырэктар «Тут бай мэдыя» Людміла Чэкіна. Іх унесьлі ў сьпіс «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволеных супрацоўніц Tut.by Золатаву і Чэкіну ўключылі ў «сьпіс тэрарыстаў»

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
  • У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
  • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
  • 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
  • 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
  • Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
  • На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
  • 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
  • 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.