ААН разам зь Мінпрыроды Беларусі створыць экспэртную групу па Белавескай пушчы. Прычынай стаў плот, пабудаваны Польшчай на мяжы

У Белавескай пушчы

Улады Беларусі на самым пачатку будаўніцтва плоту пачалі казаць пра вялікую шкоду прыродзе, у прыватнасьці — для Пушчы.

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі дамовілася на сустрэчы з прадстаўнікамі ААН стварыць аб’яднаную экспэртную групу па Белавескай пушчы. Пра гэта паведаміла прэс-служба ведамства. 16 лістапада адбылася сустрэча міністра Андрэя Худыкі з Пастаянным каардынатарам ААН у Беларусі Яанай Казана-Вішнівецкай і Пастаянным прадстаўніком ПРААН у Беларусі Аляксандрай Салаўёвай.

Як адзначыў міністар Андрэй Худык, размова ідзе аб глябальнай непапраўнай шкодзе міжнароднай экасыстэме.

На перамовах Худык паскардзіўся на санкцыі супраць дзяржавы, заявіўшы, што яны шкодзяць беларускай прыродзе. Ён прывёў у прыклад сытуацыю зь непрадстаўленьнем мэтэаралягічных дадзеных з боку шэрагу эўрапейскіх і міжнародных арганізацый. Кіраўнік прыродаахоўнага ведамства растлумачыў, што названая інфармацыя выкарыстоўваецца для прагназаваньня небясьпечных зьяў, забесьпячэньня бясьпекі паветраных палётаў цывільнай авіяцыі, павышэньня дакладнасьці прагнозаў.

Таксама міністар папрасіў прапрацаваць пытаньне аб выдзяленьні грантаў на наступныя экалягічныя праекты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь заявіла аб парушэньні Польшчай канвэнцыі UNESCO пры будаўніцтве агароджы ў Белавескай пушчы

У студзені Польшча пачала будаваць агароджу на мяжы зь Беларусьсю, якая праходзіць празь Белавескую Пушчу. Ужо вясной Камітэт дзяржкантролю РБ ацаніў шкоду ад будаўніцтва ў 52 млн рублёў.

Паводле інфармацыі Мінпрыроды, плот ужо прывёў да фрагмэнтацыі ўнікальных рэліктавых лясоў. Пацярпелі і чырванакніжныя жывёлы, якія сутыкнуліся са зьбядненьнем генафонду іх папуляцый. Акрамя таго, парушаны гідралягічны рэжым прылеглых экасыстэм.

Аб’яднаная экспэртная група, якую ведамства створыць сумесна з ААН, мае намер прасоўваць пытаньне Белавескай Пушчы на міжнародных пляцоўках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 4 зубры прайшлі празь беларуска-польскую мяжу, дзе будуецца новая агароджа, якая выклікала пратэсты эколягаў

Санкцыі супраць Рэспублікі Беларусь увялі за жорсткі разгон пратэстаў 2020 году і палітычныя расправы над апанэнтамі рэжыму Лукашэнкі, а таксама за саўдзел дзяржавы ў расейскім нападзе на Ўкраіну.

Агароджу Польшча пачала будаваць празь мігранцкі крызіс, арганізаваны ўладамі Беларусі паводле ўзгодненага з Крамлём сцэнару, як мяркуюць у Варшаве. Агароджа мае на мэце не дапусьціць шматлікіх парушэньняў мяжы з боку нелегальных мігрантаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як плот на мяжы Беларусі і Польшчы нашкодзіць зубрам, ваўкам і мядзьведзям
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія памежнікі пры дапамозе верталёта выцягнулі з балота 10 мігрантаў