Ванда Марцінш душ Рэйш: «У Літве цяпер больш Беларусі, чым у самой краіне з такою назвай»

Ванда Марцінш душ Рэйш

Сёньня ў нас у гасьцях адна з самых актыўных дзяячак беларускай супольнасьці ў Літве. Паэтка, перакладніца, папулярызатарка беларускай літаратуры Ванда Марцінш душ Рэйш.

— Нядаўна вы, спадарыня Ванда, езьдзілі наведаць магілы продкаў у Беларусі. Але ж у вас такое нязвыклае для беларускага вуха прозьвішча. Дык хто і адкуль вы?

— Нягледзячы на нязвыклае для беларускага вуха прозьвішча, я беларуска з добрым дамешкам літоўскай і польскай крыві, якая нарадзілася на беларуска-літоўскім памежжы за 6 кілямэтраў ад Камаяў (цяпер Пастаўскі раён) у бок літоўскіх Гадуцішак (цяпер Сьвянцянскі раён Літвы). Гэтая ўмоўнасьць падзелу, гэтая рухомасьць і заўсёдная (да нядаўняга часу) адсутнасьць межаў паміж нашымі народамі абумовілі маё разьвіцьцё як асобы і як творцы ў кантэксьце гэтых дзьвюх культур.

А прозьвішча я маю партугальскае — майго былога мужа з Мадэйры. Хоць жылі мы там «наскокамі» — асноўным месцам пражываньня і працы была Шатляндыя (Эдынбург), але за амаль два дзесяцігодзьдзі я пасьпела добра вывучыць партугальскую мову, прачытаць шмат клясыкаў і крыху менш сучасьнікаў і, наогул, палюбіць партугальцаў і іх культуру. І адносіны да мяне з боку велізарнай партугальскай сям’і мужа заўсёды былі выключна добрымі, таму вырашыла захаваць партугальскае прозьвішча.

— Ці былі ў вас, грамадзянкі Літвы, якую беларуская прапаганда абвясьціла ў ліку іншых эўрапейскіх краінаў варожаю, праблемы на беларускай мяжы ў гэтай вандроўцы?

— Дзякуй Богу, пакуль што не было, але ўсе мае шматлікія беларускія і літоўскія сябры вельмі сварыліся на мяне за гэтую паездку. Тым больш, што паехала я на наступны дзень пасьля свайго выступу на мерапрыемстве, прысьвечаным (не)растраляным паэтам у Вільні, дзе чытала два вельмі гнеўныя (цалкам апраўдана) вершы спадара Сяргея Ваганава і нас там здымаў «Белсат», ды і ў «Нашай Ніве», кажуць, мае здымкі былі. Так што тое, калі маё прозьвішча зьявіцца ў «чорных сьпісах», мяркую — толькі пытаньне часу. Але ж ня зьезьдзіць на магілы бацькоў я проста не магла, таму рызыкнула гэтым разам.

— Вы не былі ў Беларусі тры гады, два апошнія зь якіх моцна зьмянілі краіну і грамадзтва. Якія перамены ў сваіх суродзічах вам кінуліся ў вочы? Што вас, жыхарку вольнага сьвету, уразіла, зьдзівіла, узрадавала ці засмуціла ў іх паводзінах, поглядах? Як, урэшце, яны вас успрымалі?

— Ведаеце, жывучы доўгі час за мяжой, я і раней ня вельмі часта бывала ў Беларусі, таму што калі там зьмянілася, на жаль, дакладна ня ведаю.

Belarusian poetess and translator in Lithuania Vanda Martsinsh dush Reysh

А ўразіла мяне шмат што, і вельмі непрыемна. Па-першае, гэта страшэнная закінутасьць вёсак у нашых ваколіцах: пустыя паўгнілыя хаты, зарослыя бадылямі, дарога празь вёску разьбітая так, што і пешшу прайсьці цяжка, што ўжо казаць пра тое, каб праехаць на машыне. Нікуды зь вёскі практычна немагчыма выехаць — старэнькі аўтобусік ходзіць з райцэнтру і назад два разы на тыдзень. І так можна пералічваць бясконца. На гэтым тле паказная чысьціня і дагледжанасьць Менску выглядаюць зьдзекам з усіх беларусаў, якія жывуць не ў сталіцы ці вялікім горадзе.

У поглядах, мяркую, зьмены такія самыя, як і ў іншых кутках Беларусі: моладзь чытае навіны ў сацыяльным сеціве, тэлеграм-каналах, разважае, ня вельмі паддаецца ўплыву дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі ды яшчэ і бацькоў, і нават дзядоў заклікае ня верыць. А вось зь людзьмі майго пакаленьня і старэйшымі проста жах. Адзін з маіх старых знаёмых, зь якім разам на танцы калісьці бегалі, на поўным сур’ёзе расказаў, што ў ягонай вёсцы былі арыштавалі суседа за тое, што меў БЧБ сьцяг і партрэт Гітлера. І нядурны ў прынцыпе чалавек ня бачыць, што гэта несумяшчальныя рэчы! Наконт прычынаў вайны ва Ўкраіне — цалкам прамытыя мазгі, але вельмі баяцца, і мне іх шчыра шкада, хоць ведаю, што гэтым неразуменьнем і ціхай згодай яны толькі пагаршаюць сытуацыю.

Са мной у спрэчкі ніхто не ўвязваўся, але да мяне ўжо даўно нашы аднавяскоўцы ставяцца як да «англічанкі» і таму ніякіх іншых поглядаў, чым погляды заходняга сьвету, ад мяне ніхто і не чакае.

— Многія людзі, якія жывуць не на радзіме, мараць некалі на яе вярнуцца. Ці ёсьць такая мара ў вас?

— Я выехала зь Беларусі ў Вільню пасьля сканчэньня Віцебскага пэдінстытуту, калі мне было 20 гадоў. У Літве жывуць сем’і маёй дачкі і маёй сястры, ня кажучы ўжо пра стрыечных сясьцёр і братоў, далейшую радню і аднавяскоўцаў. Для мяне тут больш Беларусі, чым у той краіне, у якую яна цяпер ператварылася. Да таго ж, я вырасла ў беларуска-польска-літоўскім асяродку памежжа і знайшла яго, праўда ў крыху іншых прапорцыях, жывым у сучаснай Літве, а вось у Беларусі яно цалкам зьнішчана, а што і было, тое данішчваецца цяпер. Я пачуваю сябе дома тут, а не ў Беларусі. І я з самага атрыманьня Літвой незалежнасьці зьяўляюся яе грамадзянкай. Для мяне гэта ня менш важна, чым нацыянальная прыналежнасьць. Я беларуска Літвы!

— Вы адмініструеце інтэрнэт-суполку «Песьні Віленскага краю». Што гэта за песьні? Фальклёр? Паэзія? Хто аўтары? Ці шмат іх цяпер на Віленшчыне?

Belarusian poetess and translator in Lithuania Vanda Martsinsh dush Reysh

— Гэта паэзія. Задума была грандыёзная, выкананьне, па розных прычынах, атрымалася больш сьціплым. Хацела пісаць пра літаратуру і культуру Віленскага краю, зьвяртаючы, вядома, больш увагі на паэзію. Плянавала пісаць пра тых шматлікіх паэтаў, жыцьцё і творчасьць якіх былі зьвязаныя зь Вільняй, а таксама пра сучаснае паэтычнае жыцьцё Вільні, больш беларускае, але і час ад часу перакладаючы літоўскіх і мясцовых польскіх паэтаў. Але зразумела, што пра віленскіх паэтаў адраджэньня замала ведаю, а калі буду паглыбляцца ў дасьледаваньні, то нічога вартага сама не напішу. На польскія, літоўскія, а часам нават беларускія паэтычныя імпрэзы не заўсёды магу трапіць, бо жыву за 60 кілямэтраў ад Вільні на хутары. Вось толькі літоўскіх і польскіх паэтаў насамрэч перакладаю шмат.

З нашых мясцовых беларускіх паэтаў часта публікую вершы Алега Мінкіна і часам Тацяны Сапач. З тымі паэтамі, якія толькі нядаўна прыехалі з Беларусі, толькі пачынаю знаёміцца. Наогул, дзейнічаю згодна з абставінамі — жыву ў глыбіні Дзукіі (адна з этнаграфічных частак Літвы) і знаёмлю сваіх беларускіх чытачоў з жыцьцём літоўскай вёскі, у якім я, дарэчы, прымаю актыўны ўдзел: мяне заўсёды запрашаюць на літаратурныя імпрэзы ў наша і навакольныя мястэчкі, дзе я чытаю свае вершы на беларускай мове з выдатнымі перакладамі на літоўскую мову перакладчыцы Альмы Лапінскене, а таксама мае пераклады літоўскай паэзіі на беларускую мову. Такім спосабам падтрымліваю беларуска-літоўскія літаратурныя сувязі на ўсіх узроўнях.

— Два гады таму ў вас выйшла першая кніга вершаў «Мора Мары», якая вельмі ўхвальна была прынятая і крытыкамі, і чытачамі. А пасьля яе ў гэты драматычны і нават трагічны час ці пішацца вам? Дзе і ў чым бераце сілы, каб тварыць гармонію з хаосу?

— Пішу і даволі шмат. Наколькі дазваляюць фізычныя сілы, актыўна ўдзельнічаю ў культурным і грамадзкім жыцьці Літвы. У мінулым годзе перакладала вельмі цяжкую псыхалягічна кнігу літоўскай ссыльнай Далі Грынкявічуце «Літоўцы ля мора Лапцевых». Таму ведаю, што часам мне абавязкова трэба неяк адпачыць і перазарадзіцца ад тых нагрузак, якія бяру на сябе. А дзе лепш схавацца на некалькі гадзін, калі гэта неабходна, ці выпусьціць свае эмоцыі, як не ў суразмоўі з Прыгажосьцю — Прыродай і Паэзіяй?

Парадуйце, калі ласка, нашых чытачоў сваімі новымі творамі.

* * *

Вылюднены край

«У гэтым лесе
на гэтай зямлі,
нечакана безабаронны,
буду пакутліва ўспамінаць,
як падаюць дрэвы».

(Алесь Разанаў)

Іду нясьпешна па змалелым лесе —
Зямлі дзяцінства даўняй зашлы госьць.
Тут не пазнаць балотаў, чарналесься
І сэрца тне кусьлівы жаль, як восьць.

Ні галасоў дзіцячых пераліваў,
Ні ў хатах вечарэючы агня.
Дзе шчыраваў вясковец незласьлівы,
Гульма гуляюць сум і маўкліня.

Над краем, як віхор, пранёсься згубны,
І як зьнішчальцам апраўдаць цяпер
Зямлі даброцьця ўтратак безрахубны,
Што ў народа бралі напавер?

Вясною засінеюць медуніцы
І ўсьміхнецца зелянкава гай.
Успомню гэты дзень і будзе сьніцца
Мне беспатольна вылюднены край.

Вёска ўспаміну

Як здань, на Ўсе Сьвятыя ўначы
Ступаю ў вёску — дыбам кожны волас.
Нам з вёскай не патрэбны талмачы —
Вёў над прадоньнем лёсу ейны голас.

Мядзьведзіхай варочаецца рань,
Абсеў сумнеў бяссоньнем глузд паэта:
Хто тут жывы, а хто тут толькі здань?
Належыць хто тут з нас да іншасьвету?

Вузее на вачах прастор жыцьця,
Ярчэе вобраз той дзіцячы год ад году,
А над сучасьсем ветры забыцьця
Цярушаць мглу атрутную з усходу.

Спусьцелі хаты, зарасьлі двары,
Шашу сьціснуў ланцуг дамоў цагельных,
А мы, як цені, з вёскай той пары
Жывём удзьвюх у сьвеце паралельным.

Ранак у роднай вёсцы

Разбрахаліся зранку сабакі.
З печы цягне сьняданку душок:
На патэльні сквірчыць верашчака,
Ў небе скручаны блін — веташок.

Разаднела ў небе і ў сэрцы,
Цешыць зрок шараватая сінь,
А ля плоту палае цяпельца
З аксамітак і позьніх вяргінь.

Нешта мэкаюць сумнае козы,
Гладкай паўсьцю ільсьніцца бачок.
Да бязьлістай хмурынкі-бярозы
Прыхінуўся таўсматы бычок…

Веру я, што старыя не маняць:
Праз цялесны пакроў, праз гады
Калі-небудзь здранцьвелая памяць
Прынясе, як на крылах, сюды.

І да тлуму жывых чужаніца,
Ў забыцьці тагасьветным, маўчком,
Буравата-брунатнай начніцай
Пралячу над зарослым стаўком.

Канец кастрычніка

Ў нябыт сплываюць гаваркія хвілі,
Ліняюць дрэў агністыя плашчы
І з шоргатам сухіх брунатных крыльляў
Ляцяць лісты, як майскія хрушчы.

А лес ў рудых шурпатых нагавіцах
Згубіў каптур і грудзі расхлістаў,
Асінкі пажаўцелыя спадніцы
Нібы для праньня скінулі ў стаў.

І там, дзе рой назольнай жамярыны
Яшчэ нядаўна мак нябачны тоўк,
Праз лісьце ад суседзкае адрыны
Панура чэша раськірэка-стоўп…

Ад восеньскай красы, як ад экрана,
Не адарвацца, хоць сяджу даўно
І выдасца, што круціць кіншчык п’яны
Да дрыжыкаў знаёмае кіно.

Восеньскае лісьце

Грабу адна, без тлумнай талакі
Лісьця сухога залатыя зьлепкі.
Такі п’янкі — аж водзіць у бакі —
Прыбражаных ападкаў водар крэпкі.

Для працы дня кароткага няўзбыт —
Ўжо сонца пазірае сарамліва,
Шарэе хаты палінялы шчыт,
Сьцяцюрыўшыся, лес стаіць маўклівы.

Па-праўдзе, толькі й назвы, што грабу —
Абняўшы граблі сноўдаю ля дому:
Маліньнік позьні зьбіўся ў каўтун,
Тут шчаўе адрасло, там грыб ядомы.

А ў галаве трывог шавецкі нож
Ні днём, ні ноччу не дае спакою…
І зноў жыцьцё змарнела, як на грош.
Другіх няма… І трэба жыць такое.

У двары

Маркотным вокам аглядаю двор —
Да ладу шмат яшчэ давесьці трэба.
Усьцяж тут духу дзейнаму прастор,
А я дзіўлюся мройліва на неба:

Там воблак праплывае, як абраз,
І зайца гоняць белыя сабакі.
Магчыма, гэта нейкі іншасказ,
Ды толькі што гавораць неба знакі?

А можа не зямлі шукаць правы,
То адзіноту ў госьці зваць, то лучнасьць?..
Каб не круціць дарэмна галавы,
Загадкі вечныя зграбу да кучы.

Кучмень пярэсты шэпча свой сакрэт:
«Я — сьціжма мрояў згубленых калісьці.».
Пайду ў хату — падпішу дэкрэт,
Каб сёньня больш не ападала лісьце.