«15 лістапада каля 14.30 расейскія захопнікі нанесьлі ўдар па тэрыторыі Ўкраіны крылатымі ракетамі марскога і паветранага базаваньня. У чарговым тэрарыстычным акце супраць украінскай дзяржавы ўдзельнічалі 14 самалётаў-ракетаносцаў стратэгічнай авіяцыі ТУ-95, караблі чарнаморскага флёту Расеі і іранскія штурмавыя бесьпілётнікі-камікадзэ Shahed-136/131», — гаворыцца ў паведамленьні.
Усяго, як паведамілі ў ВПС, было запушчана больш за 90 ракет: каля 70 крылатых ракет Х-101/Х-555 з поўначы Касьпійскага мора і з раёну Валгадонску (Растоўская вобласьць РФ), а таксама каля 20 ракет марскога базаваньня «Калібр» з Чорнага мора і 10 бесьпілётнікаў-камікадзэ.
«Як і прагназуецца, праціўнік працягвае наносіць удары па аб’ектах крытычнай інфраструктуры Ўкраіны з высокадакладнай зброі. Таксама ў выніку расейскіх ракетных удараў пацярпелі і шматкватэрныя жылыя дамы. Для абароны ўкраінскага неба ВПС Узброеных сіл Украіны выкарыстоўваюць усе наяўныя ўзбраеньні, у тым ліку сыстэмы супрацьпаветранай абароны, перададзеныя напярэдадні заходнімі партнэрамі», — падкрэсьлілі ў ВПС.
Раней намесьнік кіраўніка Офісу прэзыдэнта Кірыла Цімашэнка паведаміў, што ў выніку сёньняшняга абстрэлу пашкоджаныя каля 15 энэргетычных аб’ектаў у розных рэгіёнах Украіны.
Таму цяпер працягваюцца адключэньні электрычнасьці ў Кіеве, а таксама ў шэрагу абласьцей: Кіеўскай, Віньніцкай, Валынскай, Данецкай, Днепрапятроўскай, Жытомірскай, Кіраваградзкай, Львоўскай, Палтаўскай, Ровенскай, Сумскай, Цярнопальскай, Харкаўскай, Хмяльніцкай, Чаркаскай, Чарнавіцкай і Чарнігаўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая ракетная атака на Кіеў і іншыя гарады Ўкраіны. Зноў пацярпелі жылыя дамы і энэргетычныя аб'екты«Усяго адключана больш за 7 мільёнаў абанэнтаў. Калі лічыць у людзях, то значна больш. Але нашы энэргетыкі разам зь Дзяржаўнай службай па надзвычайных сытуацыях цяпер робяць усё, каб як мага хутчэй падключыць электразабесьпячэньне, дзе мы можам гэта зрабіць, таму што розныя ўзьдзеяньні і розныя меры бясьпекі», — дадала Цімашэнка.
Па колькасьці выпушчаных ракет атака 15 лістапада не саступае першай падобнай масавай атацы, нанесенай 10 кастрычніка. У выніку ўкраінскія энэргетыкі абвясьцілі пра ўжываньне аварыйных адключэньняў. Мільёны людзей засталіся безь сьвятла ў Кіеве, Харкаве, Жытоміры, Львове і іншых гарадах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея вывезла зь Беларусі яшчэ 20 ракет для ЗРК, — «Беларускі гаюн»