«Сёньня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі яшчэ раз прадэманстраваў сваё лідэрства і даў зразумець, што ён гатовы да дыпляматыі, каб справядліва спыніць вайну, распачатую Расеяй. Адказам Расеі стала чарговая ракетная хваля. Гэтыя атакі ня зломяць волю Ўкраіны. Мы будзем з Украінай столькі, колькі спатрэбіцца», — напісаў у Твітэры кіраўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША 15 лістапада.
Новы масаваны ракетны ўдар па маштабах не саступае першаму падобнаму абстрэлу, зьдзейсьненаму 10 кастрычніка. Расейскія войскі 15 лістапада выпусьцілі больш за 90 ракет па тэрыторыі Ўкраіны, паведаміў намесьнік кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Кірыла Цімашэнка.
«Больш за 70 зь іх былі зьбітыя сіламі супрацьпаветранай абароны, і за гэта мы дзякуем нашым Узброеным Сілам. Але ўсё роўна былі пашкоджаньні, каля 15 энэргааб’ектаў пацярпелі ў розных рэгіёнах», — сказаў ён.
У выніку ўкраінскія энэргетыкі пачалі аварыйныя адключэньні. Мільёны людзей засталіся безь сьвятла ў Кіеве, Харкаве, Жытоміры, Львове і іншых населеных пунктах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая ракетная атака на Кіеў і іншыя гарады Ўкраіны. Зноў пацярпелі жылыя дамы і энэргетычныя аб'екты