«Чулі, як абмотваюць плёнкай труп: перастараліся на допыце». У Херсоне знайшлі дзясяткі сьведчаньняў ваенных злачынстваў Расеі

Гарадзкія могілкі ў Херсоне, 13 лістапада 2022

У вызваленым Херсоне ўкраінская паліцыя дакумэнтуе дзясяткі злачынстваў, учыненых расейскім войскам. Як і на іншых дэакупаваных тэрыторыях, ужо зафіксаваны выпадкі забойстваў мірных жыхароў і палонных, катаваньні і факты сэксуальнага гвалту. Рэпартаж «Настоящего времени».

Накрытыя коўдрамі целы ляжаць побач са сьвежымі магіламі: гэтая фатаграфія зроблена ў пасёлку Архангельскае Херсонскай вобласьці. Як паведамляюць у пракуратуры Херсонскай вобласьці, на здымку сямейная пара, мясцовыя фэрмэры. Чарапы ў абаіх праламаныя:

Паводле расказаў відавочцаў і заключэньня судмэдэкспэртаў, салдаты арміі РФ забілі іх ва ўласным склепе.

Яшчэ адно падобнае фота — зь Берыслаўскага раёну. На ім у траіх загінулых мясцовых жыхароў такія самыя траўмы. З кожным днём падобных знаходак у Херсонскай вобласьці становіцца больш.

«На сёньняшні дзень ужо расьсьледуюцца 16 „базавых“ крымінальных вядзеньняў, у рамках якіх міжведамаснымі сьледчымі групамі праводзяцца сьледчыя дзеяньні на вызваленых тэрыторыях Берыслаўскага і Херсонскага раёнаў, а таксама Херсону, — кажа генэральны пракурор Украіны Андрэй Косьцін. — Таксама ў вобласьці працуе 10 мабільных груп па адпрацоўцы. Чакаецца, што на гэтым тыдні іх колькасьць павялічыцца да 30».

Украінская паліцыя, якая размаўляе з жыхарамі вызваленых тэрыторый, дзясяткамі фіксуе факты марадэрства, мінаваньня тэрыторый, наўмысныя забойствы і выкраданьні людзей.

«Вывозілі гасьцініцы, вывозілі крамы. Усё, што яны бачылі, яны ўсё вывозілі, — расказвае пра акупантаў жыхарка Херсону Антаніна Высачэнка. — Усе рэстараны, якія яны акупавалі, яны ўсё вывезьлі. Усю тэхніку».

«Ніколі ня ведаеш, што ў іх у галаве. Бывалі розныя. Бывалі і вельмі моцна агрэсіўныя, — кажа херсонец Юрый Невальчук. — Людзі нават баяліся выходзіць на вуліцы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая ракетная атака на Кіеў і іншыя гарады Ўкраіны. Зноў пацярпелі жылыя дамы і энэргетычныя аб'екты

Херсонскія тэлеграм-каналы публікуюць кадры з гарадзкога СІЗА, якое, паводле сьведчаньняў мясцовых жыхароў, падчас акупацыі служыла за камэру катаваньняў. Херсонская журналістка Анжэла Слабадзян правяла там 31 дзень і расказала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, хто за што туды трапляў.

«Фаіна, ёй было 66 гадоў. З камэры яе вывелі з інсультам. Я памянула нашу Фаю, калі мяне выпусьцілі. Яна месяц правяла ў няволі за сына-валянтэра. Аддала сваё жыцьцё», — расказала журналістка.

«Нас яны ня білі: для жанчын у іх былі іншыя „іньекцыі“. Яны нас спрабавалі прынізіць, раздушыць. Бязьлітасна, — успамінае яна. — Але мы сваімі вушамі чулі, як забіваюць. Як абмотваюць плёнкай труп палоннага, зь якім перастараліся кадыраўцы за час допыту. Як гвалцяць за дзьвярыма нашай камэры мужчын. Мы ведалі, дзе катуюць нашых хлопцаў токам. Дзе забіваюць да сьмерці і дзе прымушаюць гаварыць».

Сярод пацярпелых ад рук акупацыйных войскаў у Херсонскай вобласьці і забітых імі ёсьць і дзеці. Паводле зьвестак офісу генэральнага пракурора Ўкраіны, у Херсонскай вобласьці за час акупацыі загінулі і пацярпелі 60 дзяцей, у тым ліку трохмесячны хлопчык (зьвесткі на 13 лістапада). Але гэтая лічба не канчатковая і ня ўлічвае псыхалягічныя траўмы, якія атрымалі дзеці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі на саміце G20: «„Менску-3“ з Расеяй ня будзе»

«Увечары расейцы ўлупілі з „Града“ ў дом. 12-гадовае дзіця адкопвала маці самастойна і яе адкапала. Але мама ўжо была нежывая», — расказвае жыхарка Херсону Лада Каласоўская.

Па словах Уладзіміра Зяленскага, у Херсонскай вобласьці сьледчыя ўжо задакумэнтавалі больш за 400 ваенных злачынстваў. Прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што армія Расеі пакінула пасьля сябе ў рэгіёне такія ж зьверствы, як і ў іншых рэгіёнах: Бучы, Барадзянцы, Харкаўскай, Сумскай і Чарнігаўскай абласьцях.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.