Эдзікас Ягялавічус, паплечнік Альгірдаса Палецкіса, якому за шпіянаж на карысьць Расеі прысудзілі 6 гадоў пазбаўленьня волі, знаходзіцца ў Беларусі, піша delfi.lt.
Напрыканцы красавіка літоўскія праваахоўнік праводзілі вобшукі ў сяброў «Міжнароднага форуму добрасуседзтва» і ўручалі яго чальцам дакумэнты аб падазрэньні ў дзеяньнях супраць Літвы. Ягялавічус называў сябе другой асобай пасьля Палецкіса ў гэтай арганізацыі, але яму ўдалося пазьбегнуць непрыемнасьцяў дзякуючы ўцёкам у Беларусь.
Як піша літоўская прэса, Ягялавічус узначальвае арганізацыю «Зара справядлівасьці». Яна, як «Міжнародны форум добрасуседзтва», складаецца з прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі і Крамля і выступае за правядзеньне рэфэрэндуму за выхад з ЭЗ і NATO.
20 кастрычніка 2022 году паліцыя езьдзіла дадому да Ягялавічуса, але дома яго не засьпела. У інтэрвію беларускаму тэлебачаньню Ягялавічус сказаў, што яму ўручылі позву, але ён тэлефанаваў у паліцыю і сказаў, што зь ліпеня жыве ў Беларусі і вяртацца ў Літву не плянуе. Ён не расказаў, чым займаецца ў Беларусі і на што там жыве: «Калі яны хочуць, няхай прыяжджаюць у Беларусь і дапытваюць мяне тут», — заявіў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве палітык Палецкіс асуджаны на шэсьць гадоў за шпіянаж на карысьць Расеі