Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца кастрычніка 2022 грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1057 некамэрцыйных арганізацый — аб’яднаньняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў і асацыяцый, гаворыцца ў новым аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на канец кастрычніка ня менш як 667 некамэрцыйных арганізацый знаходзіліся ў працэсе прымусовай ліквідацыі або былі прымусова выключаны з адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (на канец верасьня — 646).
Актыўней за іншых прымусовую ліквідацыю НКА ініцыявалі галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Менскага гарвыканкаму і Вярхоўны суд. Пазовы аб ліквідацыі падавалі Берасьцейскі, Віцебскі, Гомельскі аблвыканкамы.
У аглядзе зазначаецца, што ў кастрычніку павялічылася колькасьць ліквідаваных фондаў: пададзены пазовы аб прымусовай ліквідацыі мясцовых фондаў «Барацьба з алькагалізмам, наркаманіяй і тытунекурэньнем», фонду садзейнічаньня разьвіцьцю цырульніцкага мастацтва, дэкаратыўнай касмэтыкі і эстэтыкі «Росквіт» і іншых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 600 некамэрцыйных арганізацый знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі ў БеларусіКолькасьць арганізацый, якія прынялі рашэньне аб самастойнай ліквідацыі, павялічылася з 374 у верасьні да 390 у кастрычніку. Як і раней, «рашэньне аб самаліквідацыі прымаецца перш за ўсё з прычыны ціску на членаў, супрацоўнікаў НКА, неспрыяльнага прававога асяродзьдзя, агульнай грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне, а таксама часта пад ціскам уладаў на НКА аб прыняцьці адпаведнага рашэньня».
У кастрычніку экалягічную арганізацыю «Экадом» прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Праваабаронцы адзначылі, што той момант яна была дзейнай юрыдычнай асобай, і «гэта першы выпадак прызнаньня „экстрэмісцкім фармаваньнем“ грамадзкага аб’яднаньня, якое фармальна не зьяўляецца на тэрыторыі Беларусі ліквідаванай арганізацыяй».
Прызнаючы «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» арганізацыі, зарэгістраваныя на тэрыторыі Беларусі, «беларускія ўлады тым самым парушаюць і так размытае заканадаўства аб супрацьдзеяньні экстрэмізму, што дапускае шматлікія тлумачэньні», гаворыцца ў аглядзе. Адзначаецца, што «спрошчаны мэханізм аб’яўленьня груп грамадзян „экстрэмісцкімі фармаваньнямі“ ставіць пад пагрозу любыя праявы самаарганізацыі і салідарызацыі грамадзян, у тым ліку ў адказ на сыстэмныя і грубыя парушэньні правоў чалавека».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады ўнесьлі ў «сьпіс экстрэмістаў» 244 чалавекі, сярод іх два журналісты СвабодыПраваабаронцы адзначылі, што ў кастрычніку «жорсткі ціск» зазналі прыватныя ўстановы адукацыі: закрылі мінімум 8 прыватных школ, яшчэ 12 атрымалі прадпісаньні аб спыненьні дзейнасьці. Таксама з новага навучальнага году ў Беларусі спынілі выкладаньне на нацыянальных мовах у чатырох школах — дзьвюх літоўскіх (у вёсках Пеляса і Рымдзюны Горадзенскай вобласьці) і дзьвюх польскіх (у Горадні і Ваўкавыску). Тры зь іх былі пераведзеныя на беларускую або расейскую мову навучаньня, літоўская школа ў Пелясе і ўвогуле была зачынена з прычыны парушэньня правілаў пажарнай бясьпекі.
Улады таксама закрылі школу пры каталіцкім Хрысьціянскім сацыяльным цэнтры ў Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады закрылі школу ў каталіцкім Хрысьціянскім сацыяльным цэнтры ў Менску