Аб’яднаны пераходны кабінэт абвясьціў аб пачатку кампаніі «Кадравыя рэзэрвы для новай Беларусі».
«Я ўпэўнены, што перамены ў Беларусі здарацца, і тыя людзі, якія абслугоўваюць рэжым, павінны будуць адысьці, — сказаў Юры Губарэвіч. — Многія зь іх проста ня ёсьць прафэсіяналамі, бо цягам многіх гадоў рэжым прызначаў на кіроўныя пасады паводле прынцыпу ляяльнасьці, а не прафэсіяналізму. Аднак ёсьць і тыя, хто ўдзельнічаў у рэпрэсіях: звальняў сваіх падначаленых за палітычныя погляды, пісаў даносы, непасрэдна кіраваў затрыманьнямі. Вядома, гэтым людзям ня месца ў сыстэме дзяржаўнага кіраўніцтва новай Беларусі».
Паводле Губарэвіча, ніхто не гаворыць, што пры зьмене ўлады будуць звольненыя абсалютна ўсе чыноўнікі, бо «ў сыстэме дзяржаўнага кіраваньня ёсьць людзі, якія не прымаюць удзелу ў злачынствах, прафэсійна працуюць на сваім месцы». Такіх людзей ён запрасіў падаваць заяўкі ў кадравыя рэзэрвы і тым самым заявіць аб гатоўнасьці «працаваць на перамены».
Кабінэт таксама разьлічвае на актыўнасьць тых, хто мусіў пакінуць Беларусь, бо «ў іх значна больш магчымасьцяў далучыцца да праграмы і ўдзельнічаць у фармаваньні кадравых рэзэрваў новай Беларусі».
Прадугледжваецца, што рыхтаваньне новых кадраў будзе весьціся праз стажы ў краінах Эўразьвязу.
Губарэвіч падкрэсьліў, што АПК «парупіцца аб бясьпецы асабістых зьвестак» удзельнікаў праграмы.
«У выніку сфармаваных кадравых рэзэрваў зьявіцца адказ на пытаньне, што адбудзецца ў Беларусі падчас пераменаў, як будзе функцыянаваць дзяржаўная сыстэма, хто будзе ажыцьцяўляць рэформы», — сказаў намесьнік прадстаўніка АПК у транзыце ўлады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі і лідэр руху «За свабоду» сталі намесьнікамі Латушкі ў АПК ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбываецца з «старымі» апазыцыйнымі партыямі і рухамі ў БеларусіШто такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі
На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:
- Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
- Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
- Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
- Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
- І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.
У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:
- Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
- Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
- Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
- Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
- Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
- Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.
Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».
Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.
Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.